«Прастора для дзейнасці незалежных СМІ скарацілася да памеру камеры на Акрэсціна ці Валадарцы»

Ужо 11 дзён «нашаніўцы» знаходзяцца ў ізалятары на Акрэсціна ў невыносных умовах: без перадач, якія супрацоўнікі не аддаюць, без матрацаў і элементарных сродкаў гігіены. Учора іх не адпусцілі, а затрымалі адразу ў другі раз, па новым артыкуле. Сукамернікі, якія выйшлі на свабоду, умовы ў камерах апісваюць як «стайня». Ягор Марціновіч перадаў пасланне на волю, піша «Наша Ніва».

dce68ee8_5917_418c_b421_c128bbf7491a_1.jpg


«Мы спрабавалі выстаяць падчас цунамі, але ў нас не атрымалася, — кажа Ягор. — На жаль, прастора для дзейнасці незалежных СМІ скарацілася да памеру камеры на Акрэсціна ці "Валадарцы". Ні я, ні, думаю, мае арыштаваныя калегі не шкадуем, што засталіся ў Беларусі і працавалі з Беларусі да апошняга. Праца нацыянальнага брэнда павінна працягвацца хоць з намі, хоць без нас, таму што "Наша Ніва" — гэта не Марціновіч, Скурко, Дынько і Раковіч (галоўны рэдактар выдання яшчэ не ведае, што бухгалтара 16 ліпеня вызвалілі. — НН), а высокапрафесійная журналісцкая каманда і сотні тысяч чытачоў. Як можна нам дапамагчы? Падпішыцеся на нашы старонкі ў сацыяльных сетках, падпішыцеся на наш тэлеграм-канал! Чытайце па-беларуску, рэпосціце па-беларуску, размаўляйце па-беларуску! І калі такіх людзей будзе не сотні тысяч, а мільёны, то ўсе мы вызвалімся нашмат раней. Люблю Беларусь!»
Ягор Марціновіч быў затрыманы 8 ліпеня, пры затрыманні збіты, у СК прыязджала хуткая дапамога, паколькі была траўма галавы. Разам з ім былі затрыманыя галоўны рэдактар «Нашай гісторыі» Андрэй Дынько, кіраўнік аддзела рэкламы і маркетынгу Андрэй Скурко, галоўная бухгалтарка Вольга Раковіч (яе 16 ліпеня вызвалілі). Як паведамлялі ў СК, усе яны праходзяць падазраванымі па ч.1 арт. 342 КК («Падрыхтоўка ці арганізацыя дзеянняў, што груба парушылі грамадскі парадак, або ўдзел у іх»). За гэтыя 10 сутак, пакуль нашы калегі сядзелі ў ізалятары, мера ўтрымання ім не абіралася, абвінавачанне не прад’яўлялася. 18 ліпеня Марціновіча, Скурко і Дынько затрымалі ў другі раз, ужо па новым артыкуле Крымінальнага кодэкса. На гэты раз — на трое сутак.