Суды і выракі 19 ліпеня: да 5 гадоў калоніі за пратэсты 9-11 жніўня

У Беларусі не спыняецца крымінальны пераслед грамадзян за ўдзел у пратэстах супраць дзеючай улады. «Свабода» адсочвае падзеі.

Суддзя Вікторыя Шабуня

Суддзя Вікторыя Шабуня

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска вынеслі прысуд у чарговым працэсе за пратэсты 9-11 жніўня 2020 года ў беларускай сталіцы. На лаве падсудных апынуліся палітвязні Уладзіслаў Барысаў, Ян Фалькін, Уладзімір Мацюх, Мікіта Літвіненка. Іх абвінавацілі паводле арт. 293 Крымінальнага кодэкса («Масавыя беспарадкі») і арт. 342 КК («Арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»).
Усіх мужчын затрымалі ў верасні 2020 года.
Справу разглядала суддзя Вікторыя Шабуня. Бок дзяржабвінавачання прадстаўляў памочнік пракурора Арцём Цвяткоў.
Прысуды:

  • Уладзіславу Барысаву — 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • Мікіту Літвіненку — 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • Уладзіміру Мацюху — 3,6 года ўзмоцненага рэжыму;
  • Яну Фалькіну — 3,6 года ўзмоцненага рэжыму і штраф 1500 рублёў.

Усім асуджаным Шабуня пастанавіла залічыць 1 дзень у СІЗА да прысуду як 1,5 дні тэрміну.Акрамя таго, асуджаныя мусяць выплаціць дзяржаўнаму прадпрыемству «Мінсктранс» па 20,5 рублёў шкоды.
Падчас судовых слуханняў палітвязень Літвіненка заявіў, што выходзіў на вуліцу «адзначыць перамогу», у яго і сяброў не было сумневаў у тым, што Святлана Ціханоўская пераканаўча перамагла на выбарах.
«Пра якія 80% ён гаворыць пасля гэтага?! У маім асяродку наогул няма людзей, якія б да яго нармальна ставіліся, не тое, што галасавалі», — паведаміў палітвязень у судзе пра стаўленне свайго атачэння да Лукашэнкі.