Віктар Бабарыка пракаментаваў апошнія падзеі ў краіне

«Дэманстрацыя сілы звыш меры — гэта дэманстрацыя слабасці. Пераможцы так сябе не паводзяць».

bgpb_babariko_1000ch667.jpg

19 ліпеня адвакат Наталля Мацкевіч наведала Віктара Бабарыку ў папраўчай калоніі № 1 у Наваполацку.
Віктар Бабарыка працягвае знаходзіцца ў карантыне, дзе павінен прабыць два тыдні. Адчувае ён сябе нармальна. Па прыбыцці ў калонію яму не дазволілі мець пры сабе прывезеныя кнігі, таму чытаць цяпер няма чаго.
Навіны ў калонію таксама даходзяць абмежавана, але Бабарыка ў курсе апошніх падзей у краіне. «Дэманстрацыя сілы звыш меры — гэта дэманстрацыя слабасці. Пераможцы так сябе не паводзяць», — так ён пракаментаваў ператрусы і вобшукі, што адбыліся за апошнія тыдні.
Сама Наталля Мацкевіч падзялілася ўражаннямі аб сустрэчы ў сваім акаўнце: «Калі чалавек больш за год можа бачыць толькі сцены, радасць проста глядзець у вакно».

photo_2021_07_19_22_43_12.jpg


Віктар Дзмітрыевіч спадзяецца, што хаця б цяпер ён не будзе адвольна пазбаўлены магчымасці атрымліваць карэспандэнцыю, як гэта адбывалася ў СІЗА КДБ. Таму ён чакае лістоў і будзе рады адказаць усім, хто яму напіша.
Напісаць Віктару Бабарыку можна па адрасе: ВУ "Папраўчая калонія № 1», вул. Тэхнічная, 8, 211445, Наваполацк, Віцебская вобласць.