Пратэстоўцы вывелі Мінск у сотню лепшых гарадоў свету для пражывання
Складальнікі рэйтынгу the World's Best Cities з кампаніі Resonance Consultancy вылучылі горад у пазіцыях «насельніцтва» і «дабрабыт», а ў апісанні распавялі пра пратэсты гараджан супраць сфальсіфікаваных выбараў і гвалту.
Беларуская сталіца заняла 90-е месца, размясціўшыся паміж аўстралійскім Пертам і Бухарэстам. У параўнанні з папярэднім рэйтынгам, у якім Мінск быў 131-м, гэта істотны рывок. Ён быў забяспечаны, у першую чаргу, дзякуючы высокім ацэнак у двух з шасці катэгорый — «насельніцтва» (People) і «дабрабыт» (Prosperity), піша zautra.by.
У катэгорыі «насельніцтва» беларуская сталіца заняла 39-е месца, а «дабрабыт» — 14-е. У рамках першай катэгорыі, згодна з метадалогіяй Resonance Consultancy, ацэньваецца ўзровень іміграцыі і разнастайнасці насельніцтва горада, уключаючы падкатэгорыю жыхароў-замежнікаў, а таксама ўзровень адукацыі. У рамках другой катэгорыі асноўны ўпор робіцца на ўзроўні занятасці і лакацыі галаўных офісаў карпарацый, уключаючы падкатэгорыю кампаній са спісу Fortune500.
Ацэнкі лепшым гарадам свету выстаўляюцца таксама ў катэгорыях «месца» (прырода і забудова, уключаючы надвор’е, бяспека), «прадукт» (улічваюцца ключавыя ўстановы, славутасці і інфраструктура), «праграмаванне» (у яго ўваходзяць наяўнасць і развіццё культурна-забаўляльных устаноў у горадзе) і «прасоўванне» (колькасць апавяданняў, спасылак і рэкамендацый, размешчаных у Інтэрнэце).
Складальнікі рэйтынгу the World's Best Cities адсочваюць развіццё палітычнай сітуацыі ў Беларусі. У апісанні Мінск названы «горадам камуністычнай эпохі», які «ў сваім імкненні да свабоды змагаецца сёння з іншым тыранам».
«Мінск — і Беларусь — змагаюцца за свае жыццё. У той час як астатні свет быў заклапочаны пандэміяй, дыктатар Лукашэнка, які падтрымліваецца Расіяй, «выйграў» яшчэ адны выбары з відавочнай пераважнай падтрымкай. Абвінавачванні ў фальсіфікацыях прымусілі сотні тысяч пратэстоўцаў маршыраваць па ўсёй краіне — але ў асноўным у Мінску. Падаўленне іншадумства таемнай паліцыяй у масках і без апазнавальных знакаў у спалучэнні з заключэннем ў турму лідара апазіцыі Марыі Калеснікавай — усё гэта паказвае на нестабільнасць у гэтым чароўным горадзе. Улічваючы, што гэта адзін з 25 гарадоў свету, у якім жывуць самыя адукаваныя грамадзяне, не дзіўна, што прага пераменаў расце там, дзе нельга піць ваду з-пад крана і свабодна выказваць сваё меркаванне», — так апісваюць палітычны крызіс у Беларусі эксперты Resonance Consultancy.
«Сам горад — гэта маментальны здымак у гісторыі: ён амаль цалкам адноўлены савецкімі горадабудаўнікамі пасля яго разбурэння нацыстамі ў час Другой сусветнай вайны, і мала змяніўся з тых часоў. Але пры рэйтынгу 62 у нашай падкатэгорыі «славутасці» побач з ім раскіданыя некранутыя рэліквіі — такія як сярэднявечны замак у Міры», — паведамляецца пра сам горад.
Лідарам the World's Best Cities шосты раз запар стаў Лондан. Таксама ў першую дзясятку ўвайшлі Нью-Ёрк, Парыж, Масква, Токіа, Дубай, Сінгапур, Барселона, Лос-Анджэлес і Мадрыд.
Акрамя Масквы краіны — суседзі Беларусі дэлегавалі ў рэйтынг Санкт-Пецярбург (16 месца), Варшаву (71), Кіеў (87) і Кракаў (100).