Праваабаронца пра «пінскую справу – 2»: Людзі абураныя, напружанне нарастае

У Маскоўскім раёне Брэста 31 траўня суддзя Вера Філонік пачала працэс над другой групай людзей па «пінскай справе», піша «Белсат».

Родных абвінавачаных пускаюць у судовую залу паводле спісаў, па двое чалавек на аднаго падсуднага. Фота: «Белсат»

Родных абвінавачаных пускаюць у судовую залу паводле спісаў, па двое чалавек на аднаго падсуднага. Фота: «Белсат»

Гэтым разам судзяць 11 асоб. Гэта Леанід Германовіч, Аляксандр Лапух, Андрэй Моцук, Сяргей Цібец, Андрэй Хвескавец, Аляксандр Шандыба, Аляксандр і Сяргей Шаламіцкія, Сяргей Волкаў, Валянцін Колб, Ілля Бохан. У спісах падсудных фігураваў Уладзімір Хаміцевіч, але на судовы працэс ён не з’явіўся.
У гэтай групе адны мужчыны, самы старэйшы — Валянцін Колб, яму 54. А самы малодшы — Ілля Бохан, яму некалькі тыдняў таму споўнілася 18. Паўналецце ён сустрэў у СІЗА.
На жаль, ні адна група не абыходзіцца без «сямейных» судоў. У жыхара Пінска Міхаіла Шаламіцкага судзяць роднага брата Сяргея (51 год) і сына Аляксандра (яму 18 гадоў).
Пінчукоў судзяць за пратэсты 9–10 жніўня 2020 года ў іх родным горадзе, усіх вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 КК РБ). Увечары 9 жніўня пінчукі, якія хацелі даведацца вынікі выбараў, сабраліся каля мясцовага райвыканкама. Там адбылася сутычка з міліцыянтамі: людзі пачалі бараніцца ад нападаў сілавікоў.
Вырак першым 14 асобам агучылі 30 красавіка, тады Яўген Брэган прысудзіў:
Сяргею Маўшуку і Аляксандру Цярэшку — 6,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;Раману Багнаўцу, Даніілу Богнату, Рыгору Гуньку, Сяргею Ляжэнку, Станіславу Міхайлаву, Вячаславу Рагашчуку, Ігару Салаўю, Артуру Халімончыку — 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;шматдзетнай маці Алене Маўшук — 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму;Дэвіду Масціцкаму, Алегу Рубцу, Вячаславу Шалямету — 5,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
— У нас другая група людзей, абвінавачанне смяхотнае. Магу выказаць здагадку, што тэрміны зноў будуць жахлівыя і не адпаведныя працэсу. Сваякі гэтым разам ілюзій не маюць, усе ў чаканні, — сказала ў размове з «Белсатам» праваабаронца Вераніка Іванова.

Праваабаронца Вераніка Іванова. Фота: «Белсат»

Праваабаронца Вераніка Іванова. Фота: «Белсат»

Паводле яе, абвінавачанні для новай групы «прыцягнутыя за вушы», і раней за падобныя дзеянні людзей бы не пераследавалі:
— Гэтая група ад першай адрозніваецца малазначнасцю дзеянняў. Калі ў першай групе былі людзі, якія бралі ў рукі рэйкі ад лавак або брук, то тут гаворка пра распырскванне мінеральнай вады і выдраныя кветкі, пра паднятую бляшанку. Гэтыя абвінавачанні ў былыя часы не пацягнулі б нават на адміністрацыйны арышт.
«Пінская справа» падзяліла жыхароў горада на два лагеры, і ў будучыні гэта можа прывесці да вельмі сумных наступстваў, разважае Вераніка Іванова:
— У Пінску людзі абураныя. Яны думалі, што справу закрыюць ці перакваліфікуюць, але цяпер напружанне нарастае. Ідзе адчужэнне ад тых, хто звязаны з органамі ўнутраных спраў, нават разбураныя некаторыя сямейныя сувязі, ідзе грамадзянскае — яшчэ пакуль пасіўнае — непадпарадкаванне шмат у чым. Тое, што цяпер адбываецца ў судах, можа падрыхтаваць глебу да грамадзянскай вайны.