Праваабаронца распавёў пра катаванні супрацоўнікамі ГУБАЗіК
Беларускі праваабаронца Зміцер Салаўёў распавёў, як да яго ў хату ўварваліся супрацоўнікі ГУБАЗіК і збівалі яго пры затрыманні. Цяпер Зміцер рыхтуе заяву на прадстаўнікоў ГУБАЗіК дзеля далучэння да крымінальнай справы, узбуджанай у адной з краін ЕС у межах механізму ўніверсальнай юрысдыкцыі па фактах збіцця і катаванняў грамадзян Беларусі ў 2020-2021 гадах.
Як распавёў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку Зміцер Салаўёў, 16 лютага 2021 года прыкладна ў 7 гадзін раніцы супрацоўнікі ГУБАЗіКа разам з падмацаваннем з АМАПа і САХРа (усяго — каля 10 чалавек), выламалі ўсе дзверы ў яго доме, дзе праваабаронца знаходзіўся з жонкай і дачкой. Падчас вобшуку супрацоўнік ГУБАЗіКа пачаў збіваць Змітра, наносячы ўдары ў жывот і галаву. Пасля да збіцця праваабаронцы падключыліся іншыя асобы ў масках, працягваючы біць па галаве і нагах.
«У адказ на патрабаванне выдаць копію пратакола вобшуку — удар па назе ад асобы ў чорным і ў масцы, (так званая "падсечка", пасля якой ляцеў патыліцай аб падлогу), — піша Зміцер Салаўёў. — Пасля вобшуку ў доме перавозілі на мікрааўтобусе сіняга колеру. Падчас перавозкі невядомы бандыт у масцы ўдарыў мяне ззаду кулаком у патыліцу — у выніку праявы ЧМТ, пашкоджанне шыйнага аддзелу пазваночніка.
У РАУС Мінскага раёна высветлілася, што старшы оперупаўнаважаны падпалкоўнік Валадзько (па-руску В.М. Володько) і старшы оперупаўнаважаны падпалкоўнік Рудэнка (па-руску В.В. Руденко) склалі рапарт, адпаведна якому ў мяне на доме размешчана выява "Пагоні", што, на іх думку, з'яўляецца масавым мерапрыемствам (за што я і атрымаў 12 сутак па рашэнні суддзі Казловай)».
Праваабаронца просіць адгукнуцца тых, хто пацярпеў ад дзеянняў старшага оперупаўнаважанага падпалкоўніка Валадзько і старшага оперупаўнаважанага падпалкоўніка Рудэнкі.
Акрамя таго, 1 сакавіка Зміцер Салаўёў быў затрыманы ў аэрапорце «Мінск-2» — яго выцягнулі пасля праходжання мытнага і памежнага кантролю ўжо непасрэдна з пасадкі на самалёт чацвёра невядомых у форме памежнікаў. Яго даставілі ў СК, дзе ён даведаўся, што з'яўляецца падазраваным па ч.2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса за дапамогу рэпрэсаваным удзельнікам мірных сходаў.