Праваабаронца з Віцебска дабіваецца ў судзе, каб матэрыялы Азаронка прызналі экстрэмісцкімі
1 лістапада Віцебскі абласны суд разглядзеў прыватную скаргу праваабаронцы Паўла Левінава на рашэнне суда Першамайскага раёна горада, куды ён раней звяртаўся з заявай, у якой прасіў прызнаць інфармацыйныя матэрыялы журналіста Рыгора Азаронка экстрэмісцкімі. Суд Першамайскага раёна Віцебска адмовіў яму ў завядзенні грамадзянскай справы. Суддзя абласнога суда Святлана Волкава таксама не падтрымала яго скаргу, піша «Віцебская вясна».

Праваабаронца Павел Левінаў (на фота) вымушаны быў звярнуцца ў
Віцебскі абласны суд пасля таго, як суд Першамайскага раёна адмовіўся
распачынаць грамадзянскую справу ў дачыненні да журналіста Рыгора Азаронка,
спаслаўшыся на «непадведамнасць».
«Рашэннем суда Першамайскага раёна Віцебска ад 16 верасня
2021 года ў завядзенні грамадзянскай справы па заяве адмоўлена», — паведаміла
суддзя Святлана Волкава. І патлумачыла, што «ў вызначэнні суд указаў, што
адмовіў з прычыны непадведамнасці гэтай заявы суду». Суд Першамайскага раёна
Віцебска спаслаўся на арт. 6 і 19 Закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму»,
згодна з якімі «суб'ектамі супрацьдзеяння экстрэмізму ў межах іх кампетэнцыі
зʼяўляюцца: органы ўнутраных спраў; органы дзяржаўнай бяспекі; органы
пракуратуры; органы памежнай службы; мытныя органы; орган дзяржаўнай аховы;
Следчы камітэт» ды іншыя дзяржорганы.
Суд адзначыў, што Павел Левінаў «не зʼяўляецца субʼектам
супрацьдзеяння экстрэмізму», а таму не можа звяртацца ў суд з просьбай
прызнаваць экстрэмісцкімі матэрыяламі матэрыялы «журналіста Азаронка».
У прыватнай скарзе праваабаронца тлумачыў, што быў вымушаны
звярнуцца ў суд, бо пералічаныя «субʼекты супрацьдзеяння экстрэмізму» не
рэагуюць на яго просьбы звярнуцца ў суд з заявай аб прызнанні экстрэмізмам
працы Азаронка — і бяздзейнічаюць.
Суддзя Святлана Волкава не падтрымала довады праваабаронцы і вырашыла яго прыватную скаргу пакінуць без задавальнення, а судовае вызначэнне суду Першамайскага раёна — без змен.