
Па ч. 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса («Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак») прад'яўлены абвінавачванні, змешчаныя пад варту, вынесеныя прысуды ў дачыненні да Аксаны Аляксеевай, Андрэя Асмалоўскага, Дзмітрыя Брэля, Кацярыны Глінскай, Мікалая Казлова, Антаніны Кавалёвай, Антона Маслыкі, Артура Смалякова, Галіны Тарноўскай, Юрыя Чарапнёва.
Накіраваны для адбыцця пакарння ў выглядзе абмежавання волі па ч.1 арт.342 КК у папраўчую ўстанову Аляксандр Копаць.
Праваабаронцы ў чарговы раз адзначаюць, што свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Выступы грамадзянаў насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.
Сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізычнай сілы, спецсродкаў і зброі.
«Мы ацэньваем пераслед вышэй названых асоб, якія былі пазбаўленыя волі і абвінавачаныя ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і масавых беспарадках, як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі», -- гаворыцца ў заяве.
Праваабаронцы ў чарговы раз патрабуюць неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, перагледзець палітычна матываваныя справы і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.
Цяпер спіс палітычных зняволеных у «вясноўцаў» налічвае 1262 чалавекі. Ініцыятыва dissident.by вызнае палітзняволенымі 1550 чалавек.