Праваслаўныя хрысціяне святкуюць Вялікдзень

Уваскрасенне Хрыстовае сёння адзначаюць праваслаўныя хрысціяне ўсяго свету. Святочныя набажэнствы праходзяць ва ўсіх праваслаўных храмах Беларусі.



e05_18637971.jpg

У велікодным пасланні пастве мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, патрыяршы экзарх усяе Беларусі адзначае: прызнанне Хрыста ўваскрэсшым з мёртвых — гэта "не ўмоўны звычай, не фармальнасць, не адцягнутая ісціна", Вялікдзень "мае непасрэднае дачыненне да нашага ўласнага жыцця і да жыцця вечнага". "Спавядаючы Хрыста ўваскрэсшым, мы выказваем сваю веру ў перамогу дабра над злом, жыцця над смерцю, ісціны над хлуснёй, святла над цемрай. Спавядаючы Хрыста ўваскрэсшым, мы напаўняемся надзеяй, што такая перамога магчымая ў жыцці кожнага з нас", — адзначае мітрапаліт Філарэт.
 
Кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы (БПЦ) звяртае ўвагу на тое, што людзі часта скардзяцца "на недасканаласць навакольнага свету". "Але змяненне гэтага свету да лепшага не можа адбыцца раней, чым мы самі паспрабуем зрабіць яго лепш, пачаўшы з саміх сябе. І ў Хрысце мы маем рэальную магчымасць змяніць сваё жыццё. Толькі ад нас залежыць, ці захочам мы стаць на барацьбу за сваю душу, за нашыя сем'і, за наш народ — або ж дазволім нашаму жыццю паступова ператварацца ў ад", — перакананы мітрапаліт Філарэт.
Паводле яго пераканання, заклік Хрыста — "Мужайцеся" — "звернуты не толькі да апосталаў", але і да "нас з вамі, жыхароў сучаснай Беларусі". "Царква створана Богам для таго, каб усе мы маглі чэрпаць з яе сілы на шляху да богазапаветнага свету", — адзначае кіраўнік БПЦ. "Гісторыя святасці — гэта крыніца надзеі, апора для руху ў будучыню і ўмова нашага адзінства. Людзі адрозніваюцца па дараваннях, сілах і інтарэсах. Але калі ў сэрцах нашых прысутнічае любоў да блізкага і да Айчыны, то нашы адрозненні становяцца падобнымі да кветак на лузе. Яны выяўляюць прыгажосць агульнага, прыгажосць беларусаў як нацыі", — гаворыцца ў Велікодным пасланні ўладыкі Філарэта.
 
Правячы архіерэй праваслаўнай царквы Беларусі ўзначальвае святочныя набажэнствы ў сталічным Свята-Духавым кафедральным саборы. На сёння БПЦ прадстаўлена прыкладна паўтара тысячамі прыходаў у 11 епархіях. Святароў рыхтуюць Мінская духоўная акадэмія, духоўныя семінарыі ў Мінску і Віцебску, а таксама духоўныя вучылішчы (Мінск, Слонім). У Беларускім дзяржуніверсітэце дзейнічае Інстытут тэалогіі. У краіне працуе больш чым 1,1 тыс. праваслаўных храмаў, звыш 100 цэркваў будуецца. Згодна са звесткамі апошняга перапісу, праваслаўнымі хрысціянамі сябе лічаць звыш 80% насельніцтва Беларусі.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН