Прысуд маці ў дэкрэце за абразу супрацоўнікаў міліцыі
У судзе Бабруйскага раёна і Бабруйска 26 траўня вынесены прысуд Ірыне Барздовай, якую абвінавацілі ў абразе супрацоўнікаў міліцыі (арт. 369 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядаў суддзя Васіль Галкоўскі.
Пацярпелыя — намеснік начальніка аддзела міліцыі Ленінскага раёна Бабруйска, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Андрэй Сябецкі і начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Бабруйскага гарвыканкама Сяргей Рудзько.
Паводле матэрыялаў следства, Барздова ў кастрычніку мінулага года ў адным з тэлеграм-каналаў эмацыйна выказалася пад запісам пра двух знаёмых міліцыянтаў. Праз некалькі дзён да жанчыны прыйшлі з ператрусам і паведамілі, што супраць яе распачалі крымінальную справу.
Абодвух міліцыянтаў Ірына Барздова ведала раней са станоўчага боку, а тут убачыла, што пра іх паўсюль пішуць у негатыўным ключы, праз што расчаравалася ў іх, была закранутая і не змагла прайсці міма.
У судзе Ірына Барздова пацвердзіла, што напісала той каментар, але зазначыла, што не лічыць яго абразлівым. Жанчына патлумачыла, што не мела на мэце некага прынізіць, а выказалася эмацыйна.
26 траўня суддзя Галкоўскі вынес прысуд: Барздову прызнаць вінаватай і прызначыць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на адзін год без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.
Апроч гэтага, абвінавачаная павінна аплаціць кампенсацыю маральнай шкоды Сябецкаму і Рудзько па 800 рублёў кожнаму.