Прысуды фігурантам па справе «антыфашыстаў» пакінулі без зменаў

16 чэрвеня ў Мінскім гарадскім судзе разгледжана апеляцыйная скарга па выракам для фігурантаў так званай "справы антыфашыстаў".

fota_radyjo_svaboda.jpg


Скаргу разглядала суддя Унукевіч Т. В. з народнымі засядацелямі Хадкевічам Е.В. і Арловым П.А. Асуджаных Іллю Валавіка, Дзмітрыя Цехановіча, Арцёма Краўчанку і Вадзіма Чартовіча ў суд не дастаўлялі. Аднак, у залі прысутнічалі Вадзім Бойка і Філіп Іваноў, якім 10 чэрвеня змянілі меру ўтрымання з арышту на падпіску аб нявыезде, паведамляе spring96.org.
Пасля разгляду скаргі суд прыйшоў да высновы пакінуць яе без задавальнення, а прысуды без зменаў.
Аднак, прысутных асуджаных Філіпа Іванова і Вадзіма Бойку ў залі суда пад варту не ўзялі.
Нагадаем, 29 чэрвеня 2014 года адбылася бойка на прыпынку «Універсам» на вуліцы Несцерава ў Мінску, а пасля невядомыя разбілі шкло ў тралейбусе і распылілі газ. Крымінальную справу распачалі паводле арт. 339 «Хуліганства», частка 2, пазней змянілі на частку 3 гэтага артыкулу. Групу грамадскіх актывістаў і футбольных фанатаў абвінавацілі ў асабліва злосным хуліганстве ў дачыненні «іншай сацыяльнай групы» — заўзятараў футбольнага клубу «Тарпеда».
У выніку шасьцёра фанатаў ФК «Партызан» атрымалі розныя тэрміны зняволення: Ілля Валавік — 10 гадоў пазбаўлення волі, Філіп Іваноў і Вадзім Бойка — па 4 гады, Дзмітры Ціхановіч — 6 гадоў, Арцём Краўчанка і Вадзім Чартовіч (іх дадаткова абвінавачвалі ў незаконным вырабе і збыце наркотыкаў) — па 12 гадоў.