Прызнаеш віну — справу разглядаюць за хвіліну

У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля ўдзельнікі адміністрацыйных спраў сутыкнуліся з новаўвядзеннем, піша Свабода. Суддзя на пасяджэнні прапаноўвае напісаць заяву аб поўным прызнанні віны. Пры згодзе напісаць такую заяву суд праходзіць у «скарочаным варыянце» і рашэнне нельга абскардзіць. Прынамсі, так заявіла суддзя Алеся Осіпава.

a2dcbf70_58b8_4609_aa11_c27d47290d12_cx0_cy10_cw0_w1023_r1_s.jpg


14 верасня ў гомельскіх раённых судах разглядаліся справы затрыманых 11 і 13 верасня за мітынгі. 11 верасня ў Гомлі затрымалі сама меней 20 чалавек, 13 верасня — не менш за 27.
24-гадовую Марыну Скідан, якая ноч правяла ў ІЧУ, судзіла Алеся Осіпава. На пачатку пасяджэння суддзя пацікавілася, ці прызнае дзяўчына віну. І прапанавала пісьмова гэта пацвердзіць. Суддзя патлумачыла, што ў такім выпадку суд будзе скарочаным (у выніку ён цягнуўся каля хвіліны), а рашэнне суда Марына Скідан не здолее абскардзіць. Дзяўчына пагадзілася, падпісала паперу, і праз некалькі секунд суддзя вынесла рашэнне: 15 базавых велічынь штрафу. Суддзя не даследавала доказы, не вывучала матэрыялы справы, не давала выступіць Марыне Скідан. Гэта і называецца «скарочаны варыянт».
Суддзя Віктар Казачок разглядаў справу затрыманага інжынера хімзавода Ігара Бахмата. Ён прызнаў віну ва ўдзеле ў мітынгу, і суддзя прапанаваў напісаць заяву. Сакратарка суду пачала дыктаваць інжынеру тэкст заявы, а прысутныя ў залі пачалі абурацца: «Так рабіць нельга, вы прымушаеце чалавека нешта падпісваць, такой нормы няма ў заканадаўстве». Суддзя звярнуўся да інжынера: «Так, не трэба пісаць заяву, раз прысутным гэта не падабаецца, яны вам зрабілі мядзведжую паслугу». Ігар Бахмат гатовы быў працягнуць напісанне заявы, але суддзя настойваў, што «ўжо не трэба, усё!» і пакараў яго адразу арыштам на 8 сутак. «Вы мяне пасадзілі на суткі? За што? У мяне чацвёра дзяцей і жонка, хто пра іх паклапоціцца, хто іх будзе карміць?» — задаў пытаньне суддзі інжынер.
Пасля Віктар Казачок разглядаў справу затрыманага праграміста Рыгора Есьмана. «Ну, заяву я вам не буду прапаноўваць пісаць, бо тут прысутнічаюць людзі, якія будуць гаварыць потым пра нейкі прымус», — заўважыў на пасяджэнні суддзя і даў праграмісту адны суткі арышту.