«Пыталі, з кім дзіця, калі я хаджу па плошчы»
У Наваполацку вывучаюць сітуацыю ў сем’ях з непаўналетнімі дзецьмі, бацькоў якіх прыцягвалі да адказнасці за ўдзел у акцыях пратэсту. Бацькі называюць гэта ціскам за іхную грамадзянскую пазіцыю, піша Свабода.
Паводле распараджэння аддзелу адукацыі Наваполацкага гарвыканкаму, установы адукацыі павінны да 11 снежня падаць інфармацыю пра становішча ў сем’ях, умовы пражывання, пра ўдзел у выхаванні непаўналетніх дзяцей. У дакуменце ёсць спіс бацькоў, якія бралі ўдзел у «несанкцыянаваных» акцыях і не раз прыцягваліся да адказнасці.
Установы адукацыі павінны высветліць, з кім і дзе знаходзіліся непаўналетнія дзеці, калі іхнія бацькі былі на масавых акцыях. «У выпадку выяўлення крытэраў сацыяльна небяспечнага становішча правесці сацыяльнае расследаванне», — напісана ў паперы.
У спісе пералічаныя дзесяць дзяцей. Да некаторых бацькоў ужо прыходзілі выхавальнікі і псіхолагі.
«Проста ціснуць, каб ніхто нікуды не хадзіў»
Алена Радзькова мае 5-гадовага сына, які ходзіць у дзіцячы садок. Яе звольнілі з прадпрыемства «Нафтан» яшчэ ў чэрвені сёлета.
«Мяне судзілі пасля таго, як у горад прыехаў Ціханоўскі, пазней, кал ішоў збор подпісаў за Сьвятлану, мяне судзілі другі раз, а потым звольнілі. У мяне быў часовы кантракт, я працавала замест дзяўчыны, якая пайшла ў дэкрэт. Яны яе выклікалі на адзін дзень, каб мяне звольніць. Тут відавочны палітычны матыў». Алена кажа, што на яе сям’ю пачалі ціснуць яшчэ ў жніўні.
«Калі мяне затрымалі 9 жніўня, то прывялі ў кабінет да міліцыянта, а там была жанчына з фотаздымкам майго мужа, якая пытала: „А дзе ваша дзіця знаходзіцца?“ Я спалохалася: што такое? Калі мяне пасадзілі ў цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, яны ўжо тады ездзілі правяраць, дзе знаходзіцца мой сын. Ён быў з мужам, але яны заходзілі ў хату, глядзелі, як і што».
Алена была даверанай асобай Святланы Ціханоўскай. Першы раз яе затрымалі каля выбарчага ўчастку 9 жніўня, да суду 11 жніўня трымалі ў ізалятары, прысудзілі штраф 40 базавых велічыняў паводле артыкулу 23.34 КаАП. Другі раз, 16 верасня, выклікалі на размову ў пастарунак і пасадзілі да суду на два дні ў ізалятар, выпісалі штраф 45 базавых. Потым схапілі 22 верасня, трымалі тры дні і выпісалі штраф 48 базавых.
Паводле Алены, апошні раз сынам цікавіліся выхавальніца дзіцячага садку і псіхолаг.
«Пыталі, з кім было дзіця, калі я хадзіла па плошчы. І вось прыйшла папера, дзе ўжо некалькі імёнаў тых, каго не раз затрымалі і асудзілі паводле артыкулу 23.34. Зноў пытанні, як і што, ці працуеце, чаму не працуеце, як жывяце, з кім знаходзіцца сын, калі я сяджу ў ізалятары, — кажа Алена. — Проста ціснуць, каб ніхто нікуды не хадзіў».
«Гэта нахабства і свавольства»
Былы суддзя Аляксандар Казаравец мае 16-гадовую дачку, якая вучыцца ў каледжы. Ён мяркуе, што праверкі сем’яў удзельнікаў акцыяў скіраваны на тое, каб запужаць людзей.
«Склалі спіс тых, хто мае непаўналетніх дзяцей, і паслалі ва ўстановы адукацыі, каб яны праверылі, мабыць, магчымасць пазбаўлення бацькоўскіх правоў. Альбо каб напужаць. Мне гэта смешна. Але ведаючы, якое цяпер творыцца праўнае бязмежжа, дапускаю ўсякае», — разважае Аляксандр.
Аляксандр кажа, што яго затрымлівалі тройчы, апошні раз на акцыі памяці Рамана Бандарэнкі. У ізалятары трымалі тры дні, але суд накіраваў пратакол на дапрацоўку. Аляксандр кажа, што не пусціць правяраючых на парог дома.
«Мая жонка таксама вельмі негатыўна ставіцца да існуючай сістэмы, таму мабыць і яна іх выганіць з хаты. Да тых людзей, прозвішчы якіх трапілі ў спіс, ужо прыходзілі.У мяне чацвёра дзяцей і ўсе дагледжаныя, атрымалі адукацыю. Таму гэта нахабства і свавольства, прававое бязмежжа».