Райвыканкам пра прымусовую падпіску: «з мэтай паляпшэння якасці інфармавання»

Некалькі тыдняў таму ў беларускіх СМІ з’явілася інфармацыя пра прымусовую падпіску на дзяржаўныя выданні, арганізаванай Лідскім райвыканкамам.

e3a84f83_1be7_465a_9d1e_7ca845685e2a_w987_r1_s.jpg



У лісце намеснік старшыні выканкама звяртаў увагу кіраўнікоў прадпрыемстваў «на неабходнасць прыняцця мер па правядзенні падпісной кампаніі на 4 квартал на выданні «Советская Белоруссия», «Рэспубліка», «Звязда», «Гродзенская праўда», «Лідская газета» і іншыя...» Колькасць выпісаных выданняў павінна складаць не менш за 50 % ад колькасці працаўнікоў прадпрыемства, — адзначалася ў дакуменце, што трапіў у прэсу.

Звычайна ў падобных выпадках чыноўнікі абвяргаюць факты сваёй падпісной актыўнасці. Аднак старшыня Лідскага райвыканкама Міхаіл Карповіч у адказ на зварот прэс-сакратара ГА “БАЖ” Барыса Гарэцкага не стаў адмаўляць удзелу чыноўнікаў у справе падпісной кампаніі. Міхаіл Карповіч тлумачыць неабходнасць арганізацый падпісвацца на дзяржаўныя выданні наступным чынам:

У сувязі з тым, што інфармацыя па пытаннях правядзення адзіных дзён інфармавання насельніцтва да чальцоў інфармацыйна-прапагандысцкіх груп публікуецца ў сродках масавай інфармацыі, а грамадзяне працягваюць уздымаць адны і тыя ж пытанні, якія неаднаразова асвятляліся ў рэспубліканскіх, абласных і раённых выданнях, Лідскі раённы выканаўчы камітэт звярнуў увагу кіраўнікоў на неабходнасць актывізацыі падпісной кампаніі у працоўных калектывах.

Арганізацыя падпісной кампаніі спрыяе правядзенню інфармацыйнай работы з насельніцтвам на больш высокім узроўні, — гаворыцца ў адказе.


baj.by__sites_default_f_b8dd654594d70edf1eebaf2aa47b9d4e.jpeg


ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” неаднаразова звяртала ўвагу на тое, што падпісныя дырэктывы чыноўнікаў істотна парушаюць роўнасць умоў працы дзяржаўных і недзяржаўных СМІ ў Беларусі.

Да таго ж шэраг недзяржаўных выданняў па-ранейшаму не ўключаныя ў падпісны каталог РУП “Белпошта”, куды неаднаразова спрабавалі трапіць, але атрымлівалі адмовы.


Паводле Прэс-службы ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"