Расія выдала Беларусі пратэстоўца Міхаіла Зубкова — нягледзячы на забарону ЕСПЧ
Сёння Расія экстрадавала яшчэ аднаго ўдзельніка пратэстаў, нягледзячы на забарону Еўрапейскага суда па правах чалавека. У Беларусі Міхаіла Зубкова абвінавачваюць у «гвалце альбо пагрозе гвалтам супрацоўніку аддзела ўнутраных спраў» (арт. 364 КК)
Пратэсты 2020 года ў МінскуСёння раніцай, 13 траўня, Расія экстрадавала ў Беларусь гамельчука Міхаіла Зубкова.
Міхаіла Зубкова затрымалі ў Маскве ў кастрычніку 2021 года. Тады было вядома, што ён знаходзіўся ў вышуку па справе аб «гвалце ці пагрозе гвалту» ў дачыненні да сілавіка. Вядома, што ў верасні 2020 года Міхаіл Зубкоў удзельнічаў у маршы ў Гомелі, пасля чаго яго затрымалі супрацоўнікі АМАПа. Тады Зубкоў правёў 15 дзён у ізалятары часовага ўтрымання.
Пра экстрадыцыю паведамляе «Медиазона» са спасылкай на інфармацыю камітэта «Грамадзянскае садзеянне».
Адвакатка Міхаіла Зубкова, Роза Магамедава, таксама гэта пацвердзіла: «Так, сёння а 10-й гадзіне яго адвезлі на самалёт і перадалі ў Беларусь».
У камітэце «Грамадзянскае садзейнічанне» журналістам распавялі: «Генпракуратура РФ задаволіла патрабаванне беларускіх уладаў наконт экстрадыцыі Зубкова. Мы абскардзілі гэтае рашэнне. 3 траўня нам удалося дабіцца забеспячальных захадаў у рамках правіла 39 рэгламента Еўрапейскага суда па правах чалавека. Іншымі словамі, Еўрапейскі суд забараніў экстрадыцыю Міхаіла ў Беларусь».
5 траўня суд адхіліў скаргу адвакаткі Зубкова.