Распачата 135 крымінальных спраў супраць «беларускіх баевікоў»
Ужо заведзена 135 крымінальных спраў у дачыненні да беларусаў, якія «могуць несці ваенную пагрозу дзяржаве», заявіў у інтэрв'ю газеце "Звязда" начальнік Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС Беларусі Мікалай Карпянкоў.
Мікалай Карпянкоў
«Важна не прапусціць у Беларусь замежных баевікоў-наймітаў, радыкальна настроеных мусульман, удзельнікаў ваенных аперацый ва Украіне, на Блізкім Усходзе, — заявіў Мікалай
Карпянкоў. — Мы фарміруем аператыўныя ўлікі беларускіх баевікоў, якія ваявалі ў Украіне, а цяпер вяртаюцца дадому. Усё гэта робіцца для таго, каб людзі, якія могуць несці ваенную пагрозу
дзяржаве, знаходзіліся пад кантролем. Ўжо заведзена 135 крымінальных спраў у дачыненні да такіх беларусаў».
Раней агульная колькасць крымінальных спраў у дачыненні да беларускіх удзельнікаў ўзброенага канфлікту ў Украіне афіцыйна не называлася.
Сярод іншага ў інтэрв'ю газеце "Звязда" начальнік ГУБАЗіК таксама распавёў аб планах стварыць новае падраздзяленне ў структуры МУС для барацьбы з міжнароднымі аўтарытэтамі
і баевікамі:
«Мы ўлічваем сучасныя тэндэнцыі ў крымінальным свеце і плануем правесці пэўную рэарганізацыю. Трэба стварыць аддзел, які будзе займацца спыненнем дзейнасці крымінальных аўтарытэтаў
трансгранічнай арганізаванай злачыннасці, выяўляць дзейнасць баевікоў і наймітаў», — распавёў Мікалай Карпянкоў.
Нагадаем, 15 снежня кіраўнік МУС Ігар Шуневіч заявіў, што яго ведамства накіравала ў Следчы камітэт матэрыялы ў дачыненні да 12 меркаваных удзельнікаў баявых дзеянняў на Данбасе.
Неўзабаве, 18 снежня, кіраўнік КДБ Валерый Вакульчык заявіў, у камітэце маюцца дадзеныя аб удзеле ў ваенных дзеяннях ва Украіне 58 беларусаў. Пры гэтым старшыня КДБ не змог назваць дакладныя
лічбы людзей, якія ваююць на тым ці іншым баку.
17 студзеня тэлеканал «Беларусь 1» са спасылкай на ГУБАЗіК МУС Беларусі паведаміў пра тое, што больш за 130 беларусаў «прымалі або прымаюць удзел у баявых дзеяннях ва
Украіне».
Паводле tut.by