Мемарыяльны знак беларусам, якія загінулі за Украіну, адкрыты ў Кіеве
На адкрыцці памятнага знака на вуліцы Беларускай, 22 у Кіеве было каля сотні чалавек, у тым ліку ганаровая варта і вайсковы аркестр.
Афіцыйная цырымонія пачалася з выканання беларускага гімна «Магутны Божа». У ёй узялі ўдзел валанцёры, пабрацімы беларусаў, што загінулі на Майдане і на Данбасе, прадстаўнікі грамадскіх арганізацыяў «Правы сектар» і УНА-УНСО, а таксама жыхары Кіева.
Камандзір тактычнай групы «Беларусь», якая ваюе на Данбасе, Ігар падзякаваў украінскаму народу і валанцёрам за тое, што адзначылі такім чынам памяць Алеся Чаркашына, ягонага пабраціма Віталя Целяжэнкі і Міхася Жызнеўскага.
«Я пакуль што не здымаю балаклаву, бо ў Беларусі нас пераследуюць, называюць наймітамі, нашых сваякоў і родных, якія жывуць у Беларусі, дапытваюць і абшукваюць. Але не мы пачалі гэтую вайну, аднак мы яе скончым. Разам з украінцамі... Прыйдзе час, і на Беларусі, на беларускіх вуліцах таксама ўшануюць нашых хлопцаў, якія пражылі годнае жыццё».
Яшчэ адзін беларускі добраахвотнік, баец з пазыўным Рустам Докз тактычнай групы «Беларусь», не змог утрымацца, каб не распавесці пра цяжкасці з легалізацыяй у замежных грамадзян, якія ваявалі на Данбасе за ўкраінскую дзяржаву:
«На працягу двух гадоў мы атрымліваем толькі адпіскі з міграцыйнай службы, і з-за адсутнасьці дакументаў замежныя добраахвотнікі не могуць уладкавацца на працу, на вайсковую службу, нават адкрыць рахунак у банку».
Валанцёрка Вольга Гальчанка, ініцыятарка ўсталявання гэтага знаку, пашкадавала, што, нягледзячы на запрашэнне, на цырымонію не прыехалі бацькі Чаркашына і Жызнеўскага:
«Але мы вельмі рады, што цяпер у Кіеве з'явілася месца, на якім усе жадаючыя, і беларусы, і ўкраінцы, могуць ушанаваць памяць беларускіх добраахвотнікаў».
На помніку змешчаныя прозвішчы загінулых беларусаў — Міхаіла Жызнеўскага, які загінуў на Майдане ад кулі снайпера, а таксама Алеся Чаркашына і Віталя Целяжэнкі, якія ваявалі ў складзе тактычнай групы «Беларусь» і загінулі ў Данецкай вобласці ў жніўні 2015 году.
Помнік выкананы ў колерах нацыянальнага сцяга Беларусі, шчыт упрыгожвае герб «Пагоня». Аўтар помніка Глеб Гржабоўскі сам страціў сына падчас баёў у Данецкім аэрапорце.
«Я хачу падзякаваць загінулым беларусам і іх пабрацімам, вечная памяць і гонар ім! Я ганаруся, што сёння мы сабраліся, каб ушанаваць іх памяць», — сказаў аўтар помніка.
Сродкі на помнік збіралі сябры і блізкія загінулых, а кіеўскі звяз ветэранаў АТА дапамог прайсці ўсе інстанцыі, каб атрымаць дазволы на ўстаноўку.