У Бярэзінскім раёне двое малых дзяцей падарваліся на снарадзе часоў вайны

Сёння ноччу ў МНС паступіла паведамленне аб шпіталізацыі з траўмамі рознай ступені цяжкасці хлопчыка 2005 года нараджэння і аб выяўленні двух загінулых хлопчыкаў 2007 года нараджэння і 2008 года нараджэння ў полі каля вёскі Вешаўка Бярэзінскага раёна. 



snarad2.jpg

Здымак Следчага камітэта / sk.gov.by
Як мяркуецца, яны падарваліся на снарадзе часоў Вялікай Айчыннай вайны, паведаміла БелТА афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Беларусі Юлія Ганчарова.

«Паводле папярэдняй інфармацыі, трое хлопчыкаў, гуляючы на ўзараным поле, знайшлі, як мяркуецца, снарад часоў вайны. У выніку выбуху двое з іх загінулі, трэці з траўмамі рознай ступені цяжкасці быў дастаўлены ў шпіталь», — распавяла Юлія Ганчарова.

snarad2.jpg

Здымак Следчага камітэта / sk.gov.by

 

Як паведаміў Следчы камітэт, жыццю трэцяга хлопчыка, што пацярпеў ад выбуху снарада, на дадзены момант нічога не пагражае. З дзіцём працуюць следчыя.

Што рабіць пры выяўленні снарада

 «Ні ў якім разе нельга чапаць або рухаць снарад. Трэба як мага больш прыкметна абгарадзіць месца выяўлення небяспечнага прадмета і прасачыць, каб людзі знаходзіліся на бяспечнай адлегласці», — адзначыла супрацоўнік прэс-службы ўнутраных войскаў Валянціна Лось.

Трэба патэлефанаваць у міліцыю па лініі 102 і, паведаміўшы сваё месцазнаходжанне, дачакацца супрацоўнікаў органаў унутраных спраў або МНС. «Пры гэтым грамадзянам неабходна быць акуратнымі і ўважлівымі падчас палявых работ. Нярэдка ў гародах і на палях вясной «усплываюць» розныя боепрыпасы», — дадалі ў прэс-службе.

У мінулым годзе толькі сапёрна-піратэхнічныя падраздзяленні ўнутраных войскаў абясшкодзілі больш за 32 тыс. снарадаў.