Расфарбуй свет у аранжавы: у Беларусі ідзе кампанія супраць гвалту
Кожная трэцяя жанчына ў свеце сутыкаецца з сэксуальным або фізічным гвалтам з боку чалавека, які ёй знаёмы. Кожная трэцяя жанчына мае патрэбу ў дапамозе.

Адпаведна з вынікамі даследавання па распаўсюджанасці гвалту ў адносінах да жанчын, праведзенага Інстытутам сацыялогіі НАН Рэспублікі Беларусь у 2018 годзе, па замове Фонду ААН у галіне народанасельніцтва:
- кожная другая жанчына хоць бы раз падвяргалася таму ці іншаму віду гвалту;
- 48,9% жанчын, гэта амаль кожная другая, сутыкаліся з псіхалагічным гвалтам з боку партнёра;
- 16,9% жанчын калі-небудзь падвяргаліся сэксуальнаму гвалту;
- 28,4% жанчын калі-небудзь падвяргаліся фізічнаму гвалту;
- 16,3% жанчын калі-небудзь падвяргаліся эканамічнаму гвалту.
У рамках справаздачы аб эканамічных стратах з прычыны гвалту ў сям'і (на фактычных дадзеных за 2016 год), праведзенага групай нацыянальных экспертаў па замове Фонду ААН у галіне народанасельніцтва, было падлічана, што агульная сума выдаткаў на прафілактыку і супрацьдзеянне гвалту ў сям'і і аказанне паслуг пацярпелым як у дзяржаўных, так і ў грамадскіх арганізацыях, у Беларусі ў 2016 годзе склала 77,7 млн. руб. (40 млн. долл.) або 0,1% ад ВУП.
Паводле атрыманых дадзеных, найбольш істотнымі для Беларусі цяпер з'яўляюцца эканамічныя страты, звязаныя з выдаткамі ў сістэме аховы здароўя, а таксама страты чалавечага капіталу з прычыны заўчаснай смяротнасці і часовай непрацаздольнасці.

«Ліквідацыя ўсіх формаў гвалту ў дачыненні да ўсіх жанчын і дзяўчынак ў публічнай і прыватнай сферах, уключаючы гандаль людзьмі і сэксуальную і іншыя формы эксплуатацыі, з'яўляецца адной з задач Мэтаў ўстойлівага развіцця. Калі мы замоўчваем праблему хатняга гвалту мы дазваляем ёй расці і ўсё больш паглыбляцца ў грамадства. У гэтым годзе ААН запусціла глабальную кампанію супраць гендэрнага гвалту, якая называецца #HearMeToo, што на рускую можна перавесці як «выслухайце і мяне». Таму сёння я заклікаю вас ўсіх не маўчаць і пагадзіцца, што гвалт — гэта не норма», — падкрэсліла Пастаянная каардынатарка ААН у Беларусі Іаана Казана-Вішнявецкі.
25 лістапада ў свеце штогод распачынаецца кампанія Генеральнага сакратара Арганізацыі Аб'яднаных нацый «СООБЩА» (UNiTE) па барацьбе з гвалтам у адносінах да жанчын і дзяўчынак, якая ставіць за мэту актывізаваць намаганні грамадзянскай супольнасці, урада і ўстаноў сістэмы ААН па выкараненні гвалту ў дачыненні да жанчын і дзяўчынак па ўсім свеце. У гэтым годзе дадзеная кампанія праходзіць пад лозунгам «Расфарбуй свет у аранжавы колер» з хештегом #HearMeToo.
У Беларусі гэтая кампанія традыцыйна падтрымліваецца агенцтвамі сістэмы ААН, няўрадавымі арганізацыямі і дзяржаўнымі структурамі, якія вядуць актыўную дзейнасць у сферы папярэджання гвалту ў адносінах да жанчын і дзяўчынак, і таксама хатняга гвалту.
Паводле spring96.org