У Беларусі распачаліся «16 дзён актывізму супраць гвалту ў дачыненні да жанчын»
У Беларусі 25 лістапада стартавала міжнародная кампанія ААН па барацьбе з гвалтам у дачыненні да жанчын і дзяўчынак, паведамляе Фонд ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА).
25 лістапада ў Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту ў дачыненні да жанчын аналагічная кампанія генеральнага сакратара ААН "Разам" (UNiTE) стартуе ў многіх краінах свету. Яе мэта — актывізаваць намаганні грамадзянскай супольнасці, урада і ўстаноў сістэмы ААН па выкараненні гвалту ў дачыненні да жанчын і дзяўчынак па ўсім свеце.
У сваёй заяве генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш адзначыў, што гендарны гвалт з'яўляецца сур'ёзнай перашкодай на шляху да справядлівага міру і ўстойлівага развіцця.
Паводле вынікаў даследавання, у Беларусі кожная другая жанчына хоць бы раз зведвала той ці іншы від гвалту. Даследаванне праводзіў Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі ў 2018 годзе па замове ЮНФПА.
Згодна з міжнароднай статыстыкай, кожная трэцяя жанчына ў свеце сутыкаецца з сексуальным або фізічным гвалтам з боку чалавека, які ёй знаёмы. Кожная трэцяя жанчына мае патрэбу ў дапамозе.
Кампанія "16 дзён актывізму супраць гвалту ў дачыненні да жанчын" працягнецца ў Беларусі да 10 снежня, Дня правоў чалавека. У гэтым годзе кампанія праходзіць пад лозунгам "Афарбуй свет у аранжавы колер" з хэштэгам #HearMeToo. HearMeToo. ЮНФПА і грамадскае аб'яднанне "Гендарныя перспектывы" заклікаюць дадаць аранжавы колер на фатаграфію свайго профілю ў сацсетках, каб прадэманстраваць падтрымку, падзяліцца інфармацыяй з хэштэгам #HearMeToo (#ВыслухайМянеТаксама), #orangetheworld (#ЗробімСветАранжавым) і #16days (#16дзён) і падпісацца на абмеркаванні @SayNO_UNiTE і @UN_Women у Twitter.
У Беларусі гэта кампанія традыцыйна падтрымліваецца агенцтвамі сістэмы ААН, грамадскімі арганізацыямі і дзяржаўнымі структурамі, якія вядуць актыўную дзейнасць у сферы папярэджання гвалту ў дачыненні да жанчын і дзяўчынак і таксама хатняга гвалту.
belapan.by