Распачаўся суд над Ірынай Слаўнікавай і яе мужам. Абноўлена: абодвум па 15 сутак
Распачаўся суд над Ірынай Слаўнікавай і ейным мужам. Ім інкрымінуюць захоўванне на старонках у Facebook матэрыялаў, якія былі прызнаныя «экстрэмісцкімі» (яны нібыта размяшчаліся там у перыяд са студзеня 2020 года па травень 2021-га), піша БАЖ.
Першай разглядаюць справу мужа Ірыны Аляксандра Лойкі. Працэс вядзе суддзя Першамайскага раёна Мінску Максім Трусевіч.
Аляксандра Лойку вінавацяць у «захоўванні «экстрэмісцкіх» матэрыялаў з мэтаю дэманстрацыі». Зафіксавалі тры эпізоды, якія датуюцца 2017, 2018 і 2019 гадамі.
Аляксандр Лойка распавёў падчас працэсу, што іх з Ірынай Слаўнікавай затрымалі на пашпартным кантролі, закавалі ў кайданкі і нават не далі забраць багаж.
Да суда ён быў на Акрэсціна ў двухмеснай камеры, дзе агулам знаходзіцца 10 чалавек. Вядома, спальных месцаў не хапае, таму яму даводзіцца спаць на падлозе, піша Вясна.
Аляксандр распавёў на працэсе, што яго прасілі запісаць "пакаяльнае відэа". Таксама калегі паведамляюць, што ён адзначыў, што Ірыну затрымлівалі больш жорстка, чым яго.
Суддзя Максім Трусевіч арыштаваў мужчыну на 15 сутак.
Ірыну Слаўнікаву таксама асудзілі да 15 сутак арышту.