Рэферэндум узмоцненага рэжыму: як міліцыя будзе ахоўваць выбарчыя ўчасткі

З сённяшняга дня, 21 лютага, міліцыя пачынае працаваць ва ўзмоцненым рэжыме ў сувязі рэферэндумам, пішуць «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Пад ахову супрацоўнікаў будуць узяты ўсе выбарчыя ўчасткі. Для гэтага штодня будуць задзейнічаны 11 тысяч супрацоўнікаў — на кожным участку (іх у Беларусі 5510) будуць дзяжурыць па два супрацоўніка з відэарэгістратарамі. Але, разам з тым, міністр унутраных справаў Іван Кубракоў запэўнівае, што "баяцца няма чаго, ніякіх пагроз няма".
Як распавёў Іван Кубракоў, акрамя супрацоўнікаў міліцыі, на выбарах па ахове парадку будуць задзейнічаны добраахвотныя дружыны, прадстаўнікі БРСМ. Паведамляецца, што ў Мінску створаны спецыяльны маніторынгавы цэнтр. Таксама памяшканні ў раённых, абласных цэнтрах, сталіцы абсталяваны кнопкамі трывожнай сігналізацыі.
Усе навучальныя ўстановы, дзе будуць размяшчацца выбарчыя камісіі, па словах Кубракова, абсталяваныя відэаназіраннем.
"Гэта дазволіць адсочваць сітуацыю ў рэжыме анлайн, як на ўваходзе ў будынак, так і на прылеглай тэрыторыі".
"Праваабаронцы за свабодныя выбары" звяртаюць увагу, што гаворкі пра тое, што пад відэакантролем будуць і ўрны для галасавання, не ідзе.
"Абсалютна баяцца няма чаго, ніякіх пагроз няма. Мы прадумалі ўсё да дробязяў. Мы не проста гатовыя забяспечыць ахову грамадскага парадку на выбарчых участках, але, калі спатрэбіцца, гатовыя забяспечваць фізічную абарону тых людзей, якія працуюць у выбарчай камісіі. Але на сёння такой неабходнасці няма", — пры гэтым адзначае Кубракоў.