Колькі беларусаў затрымалі пры спробе вярнуцца з-за мяжы за год?

У Дзяржаўным памежным камітэце распавялі пра статыстыку за 2022 год. У тым ліку пра колькасць памерлых у непасрэднай блізкасці да мяжы.

granica_belarusi_i_litvy.jpg

Колькасць затрыманых парушальнікаў мяжы ў 2022-ім павялічылася на 51% (з 318 да 480 чалавек). Таксама адзначаны рост на дзесяць адсоткаў агульнай колькасці парушальнікаў заканадаўства аб дзяржмяжы (з 1857 да 2043 чалавек).
«Пры спробе ўезду ў Беларусь выяўлены 52 асобы, якія маюць прыкметы датычнасці да экстрэмісцкай дзейнасці», — паведамляе Дзяржкамітэт.
У 2022 годзе таксама спынена 50 каналаў супрацьпраўнай дзейнасці (у 2021-м — 23), у тым ліку 31 канал незаконнай транзітнай міграцыі (затрымана 50 арганізатараў і саўдзельнікаў) і 19 каналаў наркатрафіку (затрымана 19 арганізатараў і саўдзельнікаў). Усяго ў 2022 годзе затрымана 69 арганізатараў і саўдзельнікаў арганізаванай трансгранічнай супрацьпраўнай дзейнасці (у 2021-м — 29).
Нічога не паведамляецца пра кантрабанду цыгарэт і іншых тавараў, якая адбываецца пры «заплюшчаных вачах» гэтага самага камітэта.

Адзначаецца значнае павелічэнне аб'ёмаў незаконнага абароту і перамяшчэння праз мяжу наркотыкаў, якіх у 2022 годзе з незаконнага абароту выключана больш за 167 кілаграмаў. Павелічэнне ў 47 разоў у параўнанні з 2021 годам звязана са зняццем кавідных абмежаванняў і аднаўленнем каналаў прамога і транзітнага трафіку наркотыкаў з краін Еўрасаюза і Украіны.
Летась забяспечаны пропуск праз мяжу больш за тры мільёны транспартных сродкаў і звыш 8,5 мільёнаў асоб (павелічэнне на 28%). Праз пункты пропуску не прапушчана каля 2,7 тысячы асоб з няспраўнымі дакументамі.
Кіраўнік камітэта Лапо таксама расказаў, што ў 2022 годзе «спынена больш за 3,8 тысячы спроб незаконнага выцяснення ў Беларусь груп іншаземцаў з тэрыторыі сумежных дзяржаў ЕС агульнай колькасцю больш за 31 тысячу чалавек».
З пачатку міграцыйнага крызісу (са жніўня 2021-га па 23 студзеня 2023 года) у непасрэднай блізкасці ад мяжы знойдзена 17 загінулых мігрантаў.