Рыгор Кастусёў: Перамовы з Зайдэсам пад пагрозай зрыву
Перамовы ў справе рэстарана «Поедем паедим» пад пагрозай зрыву. На заўтра, 17 ліпеня, была дамоўленасць паміж уладальнікамі рэстарана і Рыгорам Кастусёвым сесці за стол перамоваў.
![4e3dd65aad61f43c1c6a8e5d73473e5f.jpeg 4e3dd65aad61f43c1c6a8e5d73473e5f.jpeg](/img/v1/images/4e3dd65aad61f43c1c6a8e5d73473e5f.jpeg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Рыгор Кастусёў распавёў:
— Па плану на заўтрашні дзень была прызначана папярэдняя сустрэча. З абаронцаў Курапатаў павінны былі прысутнічаць я і Павел Севярынец. З другога боку Зайдзэс і яшчэ адзін саўладальнік. Была прызначана сустрэча на 12 гадзін. Уладальнікі гарантавалі на гэты час прыпыніць працу ўстановы. Пасля падзеяў 14 ліпеня я ўжо не ўпэўнены, што гэтыя перамовы адбудуцца. Мы будзем узгадняць паміж сабой. І зараз адбываецца пасяджэнне аргкамітэта па абароне. Будзем узгадняць, як быць далей: будуць перамовы ці не будуць.
14 ліпеня каля рэстарану «Поедем поедим» у Курапатах адбыўся чарговы інцыдэнт, машына з расійскім нумарамі збіла актывіста Леаніда Кулакова. Міліцыя, якая прыехала на месца здарэння, адмовілася прымаць заявы ад пратэстоўцаў. Міліцыя таксама не ўмешвалася, калі ахоўнікі і саўладальнік рэстарану Леанід Зайдэс схапілі і адцягнулі ў бок пратэстоўцаў, якія блакавалі мікрааўтобус.
Грамадскія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы яго закрыцця.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя