СААЗ правядзе ў Беларусі даследаванне, колькі чалавек перахварэлі каранавіруснай інфекцыяй

Рэгіянальнае бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя правядзе ў Беларусі даследаванне ўзроўню захворвання каронавіруснай інфекцыяй, паведамляе TUT.BY. 



Фота Вадзіма Заміроўскага, TUT.BY

Фота Вадзіма Заміроўскага, TUT.BY


Праект павінен распачацца ўжо ў гэтым квартале 2021 года. У ім будуць задзейнічаны 5 тысяч удзельнікаў.

Сёння падчас вебінара на пытанне TUT.BY каардынатар праграм па інфекцыйных захворваннях рэгіянальнага бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі Вячаслаў Гранькоў распавёў больш падрабязна пра даследаванне ўзроўню захворвання каранавіруснай інфекцыяй, якое правядуць у нашай краіне. Спецыялісты хочуць паглядзець, наколькі COVID-19 распаўсюджаны ў Беларусі і як гэтая распаўсюджанасць змяняецца з часам.

— Згодна з пратаколам гэтага даследавання, выбарка складае 5 тысяч чалавек. Яна будзе ўключаць як звычайнае насельніцтва — больш за 4 тысячы чалавек, так і медыцынскіх работнікаў. Мяркуецца, што ўдзельнікаў будуць набіраць ва ўсіх рэгіёнах. Гэта будзе добраахвотнае даследаванне з інфармаванай згодай ад кожнага ўдзельніка, будуць удзельнічаць людзі розных узростаў, таму што нам трэба зрабіць зрэз, найбольш набліжаны да структуры насельніцтва. За набор удзельнікаў даследавання будуць адказваць паліклінікі і ўстановы аховы здароўя па месцы жыхарства, — патлумачыў Вячаслаў Гранькоў.

Даследаванне пачнецца ўжо ў першым квартале 2021 года. Плануецца, што адных і тых жа людзей пратэстуюць цяпер, затым праз тры месяцы, а потым зноў праз тры месяцы. Гэта трэба, каб ацаніць распаўсюджанасць інфекцыі у цяперашні момант і прасачыць яе ў часе.

Нагадаем, паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, з пачатку пандэміі ў Беларусі былі зарэгістраваныя 244 718 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19. Ачунялі 231 399 пацыентаў, у якіх раней быў пацверджаны дыягназ COVID-19. За ўвесь перыяд распаўсюджвання інфекцыі на тэрыторыі краіны памерлі 1 698 пацыентаў з выяўленай каронавіруснай інфекцыяй.

tut.by