СААЗ зафіксавала беспрэцэдэнтны прырост заражэнняў SARS-CoV-2
Узбуджальнік захворвання COVID-19 за мінулыя суткі выяўлены ў 307 930 чалавек. Пандэмія забрала жыцці больш чым 917 000 жыхароў планеты. Шэраг краін вяртаюцца да строгіх мераў барацьбы з інфекцыяй.
Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) у нядзелю, 13 верасня, зафіксавала самы вялікі з пачатку пандэміі каронавіруса SARS-CoV-2 прырост новых заражэнняў. За мінулыя суткі ўзбуджальнік захворвання COVID-19 быў выяўлены ў 307 930 жыхароў планеты. Гэта прыкладна на 1000 выпадкаў больш, чым у ранейшым вышэйшым паказчыку, устаноўленым тыднем раней.
Вірус SARS-CoV-2 з пачатку пандэміі выяўлены ў 28 637 952 чалавек, а 917 417 хворых з COVID-19 памерлі, адзначылі ў СААЗ. Больш за ўсё заражэнняў — у ЗША (6,7 млн), Індыі (4,8 млн) і Бразіліі (4,3 млн), вынікае з дадзеных міжнароднай групы валанцёраў Worldometer. У Расіі каронавірус выяўлены ў 1,06 мільёна чалавек. Колькасць новых заражэнняў з 4 верасня ізноў не апускаецца ніжэй парога ў 5000. У Германіі інфекцыя пацверджана амаль у 260 000 жыхароў.
Некаторыя дзяржавы зноў узмацняюць меры па барацьбе з распаўсюджваннем захворвання. Так, улады Арменіі абвясцілі каранцін на ўсёй тэрыторыі краіны да 11 студзеня 2021 года. А ў Ізраілі ўрад зацвердзіў увядзенне паўторнага лакдаўна — на тры тыдні — з 18 верасня. У той жа час медыцынскія ўстановы і фармацэўтычныя кампаніі ў многіх дзяржавах працуюць над стварэннем вакцыны супраць новага каронавіруса, паведамляе dw.com.
Між тым былы міністр аховы здароўя Беларусі, а цяпер кіраўнік Гродзенскай вобласці Уладзімір Каранік у эфіры тэлеканала АНТ заявіў, што другая хваля каронавіруса ў Беларусі будзе менш маштабнай.