Сацыёлаг Генадзь Коршунаў: Улады Беларусі разбураюць дзяржаву
Раскол — не ў грамадстве. Раскол — паміж грамадствам і ўладай, лічыць сацыёлаг Генадзь Коршунаў.
З сацыёлагам, старшым аналітыкам «Цэнтра новых ідэй» Генадзем Коршунавым размаўляла «Польскае радыё». Навуковец распавёў пра тое, што ён даведаўся наконт настрояў беларусаў з гэтага сацыялагічнага даследавання.
— І трывожнасць за сваю бяспеку расце, і няўпэўненасць у будучыні. Зразумела, гэта павялічваецца. І лічбы гэта добра адлюстроўваюць. Гэта з аднаго боку. З іншага боку — задавальненне ўладай: яго няма. Хутчэй недавер да ўлад, недзе нават гэта расце. Падтрымка пратэстаў застаецца. Калі казаць пра лічбы, то летам, у ліпені-жніўні падтрымка пратэстаў склала 37%, у студзені яна была 39%. Памылка выбаркі — каля 39%. То-бок яна засталася фактычна на тым жа ўзроўні, што і на пачатку года.
Што тычыцца патрабаванняў пратэстаў, то па некаторых пазіцыях яны ў два разы больш. Гэта тычыцца расследаванняў гвалту з боку сілавікоў. Гэтыя патрабаванні падтрымліваюць да дзвюх трацін грамадства. З аднаго боку, ёсць прыгнечанасць эмацыйная. Немагчыма быць у стане напружанасці больш за год. Тым больш, расце рэпрэсіўны ціск, пад пагрозай кожны, літаральна кожны. Але гэта не азначае, што людзі расчараваліся ў пратэсце, у сваіх патрабаваннях.
— Праўладныя тэлеграм-каналы вядуць такую рыторыку, што пасля іх прачытання падаецца, быццам у краіне ідзе грамадзянская вайна. Гэта вобразны выраз ці так і ёсць?
— Я б казаў не пра грамадзянскую вайну і нават не пра яе пагрозу. Таму што раскол, безумоўна, ёсць. Але, калі мы паглядзім на лічбы, на стан грамадства, то ўбачым, што раскол не ў грамадстве. Раскол — паміж грамадствам і ўладай. Што ўлады робяць з сістэмай адукацыі, з сістэмай аховы здароўя, якую сферу ні вазьмі, мы ўбачым, што ўлада дзейнічае вельмі разбуральна. Фактычна ўлада разбурае дзяржаву. Па дзейнасці, і гэта не вобраз, можна сказаць, што ўлада ператвараецца ў акупацыйную адміністрацыю, увесь сэнс дзейнасці якой — утрымаць уладу. З аднаго боку. А з другога боку, яе сэнс цяпер — давіць усе праявы не тое што грамадзянскага — любыя праявы грамадскага, сацыяльнасці. Больш за двое не збірацца, іначай — расстрэл, і кажуць гэта адкрытым тэкстам.
За расследаванні гвалту з боку сілавікоў выступаюць каля 70 працэнтаў апытаных. А супраць — каля 10. То-бок гвалт падтрымліваюць 10 адсоткаў грамадства. Можна сказаць, што гэта і ёсць тыя сілавікі, частка іх сем’яў, чынавенства. І ўсё. Расколу ў грамадстве хутчэй няма. Ёсць раскол паміж уладамі і грамадствам. І ўлады робяць усё, каб гэта паглыбіць.
Важны момант — людзі перасталі пачувацца ў бяспецы, асабліва гэта тычыцца Мінска. 56% рэспандэнтаў са сталіцы заявілі, што не адчуваюць сябе ў бяспецы, яшчэ 13% не змаглі адказаць на гэтае пытанне.
Цяперашнім уладам Беларусі няма чаго прапанаваць грамадству і сабе, акрамя гвалту. Што тычыцца даверу да Аляксандра Лукашэнкі, то з пачатку года ён трымаецца на ўзроўні 26-27% у жыхароў гарадоў.
— Думаю, калі казаць пра ўсю краіну, з улікам вёскі, максімум будзе 31-32%. Калі раней улады лічылі, не ведаю, наколькі шчыра, што большасць за прэзідэнта, то цяпер мы бачым, што гэта толькі траціна, і гэта далёка не большасць.
Найбольш беларусаў цяпер хвалююць пытанні эканомікі. Усе групы рэспандэнтаў, у тым ліку і прыхільнікі Лукашэнкі, кажуць пра эканамічныя праблемы: рост цэн, нізкія заробкі і пенсіі, пра падаткі і зборы, медабслугоўванне.
Істотна вырасла доля людзей, якія хочуць з'ехаць з Беларусі: у параўнанні з красавіком-траўнем 2020 года — з 30% да 40%. Больш за 40% рэспандэнтаў сказалі, што сярод іх знаёмых ёсць тыя, хто за апошні год пакінуў краіну.
Апытанне паказала нізкі ўзровень даверу да дзяржорганаў — у сярэднім ім давярае каля чвэрці рэспандэнтаў. У антырэйтынгу: Цэнтрвыбаркам ЦВК — яму давяраюць толькі 16% рэспандэнтаў, дзяржаўныя СМІ — 18%, і прафсаюзы — 18%.
Генадзь Коршунаў падкрэслівае, што важна ацэньваць дынаміку адказаў на адны і тыя ж пытанні. Гэта інфарматыўна і паказвае, як змяняецца сітуацыя.
— Тое, што за год пратэстаў іх падтрымка панізілася нават не на чвэрць адносна першаснага ўзроўню, а значна меней, а за гэты год засталася фактычна на сваім узроўні, — гэта фенаменальна.