Салідарнасцю на рэпрэсіі. Найважнейшае за 30 верасня
Чым больш улада цісне на людзей, тым больш з’яўляецца розных формаў супраціву. І калі сцішыцца вулічны пратэст (улада думае, што здушыўшы менавіта яго, яна «супакоіць» грамадства), людзі ўсё роўна будуць змагацца супраць несправядлівасці іншымі сродкамі.
15 сутак адміністрацыйнага арышту прысудзілі баскетбалістцы Алене Леўчанка ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска. Суд адбываўся па відэасувязі. Леўчанка была затрыманая ў аэрапорце. Яна планавала вылецець на лячэнне. Спярша спартоўку даставілі ў Цэнтральнае РУУС Мінска, а адтуль — на Акрэсціна.
У адказ беларускі гандбольны клуб «Віцязь-Леон» адмовіўся праводзіць матч чэмпіянату Беларусі супраць «Машэкі». Як растлумачылі ў камандзе, арышт Леўчанка яны лічаць незаконным і пратэстуюць супраць ціску на грамадзян Беларусі.
На бліжэйшыя дні ў Гродне прызначаныя суды амаль над трыццаццю супрацоўнікамі прадпрыемства «Гродна-Азот», якія рухаліся калонай 25 жніўня і былі затрыманыя. Акрамя гэтага на заводзе з'явіўся ліст пракуратуры, у якім кіраўніцтва просяць ацаніць шкоду ад забастовак і пакараць вінаватых.
У адказ больш за 70 супрацоўнікаў ААТ "Гродна Азот" напісалі заявы аб звальненні, прычым, з аднаго цэху «Аміяк-3». Работнікі цэха "Аміяк-3", а менавіта яны напісалі заявы, — унікальныя спецыялісты, якіх складана замяніць. А цэх «Аміяк-4», паводле маючайся інфармацыі, цяпер ці то на рамонце, ці то на прафілактыцы. Калі спыніць працу «Аміяка-3» — спыніць працу ўсё прадпрыемства.
Бацькі дзяцей, якія вучацца ў 61-й школе (раён «Маяка Мінска»), падрыхтавалі электронную петыцыю ў адрас адміністрацыі. Сабрана ўжо больш за 300 подпісаў. У лісце пералічаныя патрабаванні да настаўнікаў: ніякай ідэалагічнай работы пад выглядам інфармацыйных гадзін, ніякага ціску з уступленнем у БРСМ. Бацькі не будуць дапамагаць школе грашыма, пакуль іх не пачуюць.
Трывае і міжнародная салідарнасць. Студэнты і выкладчыкі Латвійскага ўніверсітэту запісалі відэа ў падтрымку студэнтаў і выкладчыкаў беларускіх вну.
Найстарэйшае польскае этналагічнае таварыства, заснаванае ў 1895 годзе, выступіла з адкрытым лістом да беларускіх навукоўцаў і студэнтаў, у якім выказала салідарнасць з беларускай акадэмічнай супольнасцю.
Больш за 37 тысяч беларусаў і прадстаўнікоў іншых народаў з 102 краін свету выступілі з петыцыяй у Міжнародны крымінальны суд у Гаазе, каб прыцягнуць Аляксандра Лукашэнку да адказнасці за «захоп улады» і «злачынствы супраць чалавечнасці».
А ў Мінску, між тым, традыцыйна прайшлі розныя раённыя «вечаровыя святы» і «ланцугі салідарнасці».
А сёння адзначаецца Сусветны дзень паштовай карткі. З гэтай нагоды «Белпошта» ладзіць акцыю: у вызначаных аддзяленнях паштовай сувязі можна будзе бясплатна даслаць паштоўкі ў любую кропку Беларусі. Чым не файная нагода даслаць паштоўкі палітвязням?