«Вы паказваеце ўсяму свету, як захаваць чалавечую годнасць», — Польскае этналагічнае таварыства беларусам

Найстарэйшае польскае этналагічнае таварыства, заснаванае ў 1895 годзе, выступіла з адкрытым лістом да беларускіх навукоўцаў і студэнтаў, у якім выказала салідарнасць з беларускай акадэмічнай супольнасцю, паведамляе Радыё Свабода.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

«Брутальны фізічны гвалт, збіццё і арышты, уварванні ўзброеных атрадаў на тэрыторыю ўніверсітэтаў, абмежаванне магчымасцяў навукі і працы — усё гэта мы назіраем ад пачатку навучальнага года ў беларускіх акадэмічных інстытуцыях па ўсёй краіне.
Гэта тым больш абуральна, што сэнс існавання такіх інстытуцый якраз у свабодзе навуковага пошуку і абмену думкамі. Яны ствараліся дзеля дыскусій з дапамогай аргументаў, а не міліцэйскіх дубінак», — гаворыцца ў лісце.
У ім таксама адзначаецца, што Польскае этналагічнае таварыства «з пачуццём шчырага захаплення» назірае за мірным змаганнем беларусаў за праўду і свабоду, «за права самастойна вырашаць лёс як усяго краю, так і свой уласны», выказвае ім салідарнасць і падкрэслівае, што верыць у перамогу беларусаў: у тое, што яны «прымусяць сысці былога прэзідэнта», вызваляць усіх палітвязняў і арганізуюць новыя, вольныя і справядлівыя выбары.
«Сёння Вы паказваеце ўсяму свету, як захаваць чалавечую і грамадзянскую годнасць у сутыкненні з бязлітаснай уладай узурпатара, якая не толькі растаптала дэмакратыю, але таксама выступіла супраць правоў чалавека і ўсяго народа», — адзначаецца ў лісце.