Салігорск. Права на мірныя сходы ўлады скасавалі на 3 тыдні
Салігорскі райвыканкам забараніў правядзенне мітынгаў на стадыёне «Будаўнік» — адзіным дазволеным для гэтага месцы ў беларускай сталіцы шахцёраў, у перыяд з 6 па 25 чэрвеня.
Пазбаўленне салігорцаў на тры тыдні права на мірныя сходы чыўноўнікі абгрунтавалі працай у гэты час на стадыёне спартова-аздараўляльнага лагера Спартовай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву.
Інфармацыю аб забароне мірных сходаў у Салігорску атрымаў мясцовы актывіст БХД Уладзімір Шыла, які на пачатку чэрвеня падаў заяву на правядзенне мітынгу:
— У сувязі з правядзеннем у нашай краіне так званага Усебеларускага сходу мы хацелі правесці ў Салігорску мітынг чалавек на пяцьдзесят і сфармуляваць там свае “наказы” дэлегатам ад Салігоршчыны. Я выступаў заяўнікам мерапрыемства і ў заяве нават выказаў гатоўнасць аплаціць паслугі міліцыі, хуткай дапамогі і камунальных службаў. На вялікі жаль, нам не дазволілі правядзенне гэтага мірнага сходу.
Намеснік старшыні Салігорскага райвыканкаму па ідэалагічнай працы Мікалай Маскаевіч абгрунтаваў забарону мерапрымества працай на стадыёне “Будаўнік” спартовага лагера СДЮШАР з шостага па дваццаць пятага чэрвеня.
— Гэта проста нахабства, улады фактычна на тры тыдні пазбавілі ўсіх жыхароў гораду права на мірныя сходы. Наплявалі на Канстытуцыю і міжнародныя нормы. У заяве я звяртаў увагу, што пры існаванні перашкод у абраны намі час мы гатовы разгледзець альтэрнатыўныя варыянты. Ніякіх іншых прапаноў не было, а трохтыднёвая забарона фактычна пазбаўляе мерапрыемства сэнсу, бо Усебеларускі хурал адбудзецца 22–23 чэрвеня. Таму будзем звяртацца ў суд, нехта мусіць панесці адказнасць за гэтае бязмежжа, — падсумаваў Уладзімір Шыла.
spring96.org