Салігорскі актывіст Павел Батуеў з’ехаў з Беларусі і распавёў, як стаў Бондам

Салігорскаму актывісту Паўлу Батуеву дапамаглі эвакуявацца з Беларусі.

pavel_batueu.jpg

Пра тое, што Павел Батуеў эвакуяваны з Беларусі, паведаміў Андрэй Стрыжак

На Паўла была заведзеная крымінальная справа, раней ён паспеў адседзець 33 дні паводле адміністрацыйнай справы.

Павел, калі трапіў за межы Беларусі, распавёў журналістам Свабоды, што ў зняволенні міліцыянты прапанавалі яму пагутарыць з супрацоўнікам КДБ, у якога «павінны быць цікавыя прапановы».

«Я даў згоду на размову. Мяне паклікалі 22 снежня, прыйшоў максімальна ветлівы чалавек, які кантраставаў з паводзінамі міліцыянтаў. Калі б не абставіны, я б ахарактарызаваў яго як прыемнага суразмоўцу. Ён пасмяяўся з майго дыплома, ішла досыць прыемная размова.

Потым я спытаў, чаго ён ад мяне хоча. На гэта я пачуў: “Мы чулі, што ў вас цікавыя сувязі з замежжам”. Ён назваў прозвішча страйкамаўца Глеба Сандраса. Стаў гаварыць, што, магчыма, папросіць аб нейкай паслузе, але яна не будзе ісці ўразрэз з маім светапоглядам. Паслуга будзе звязаная з дзейнасцю дыяспар ці штабу Ціханоўскай. Але я не маю дачынення да ніводнай з гэтых тэмаў».

За гэта Паўлу паабяцалі, што крымінальную справу супраць яго спыняць, а міліцыя забудзе пра яго існаванне. «А калі адмоўлюся?» — «Нічога, я проста сыду. Тады міліцыя, магчыма, пра вас не забудзе», — адказаў кадэбэшнік.

«Я пагадзіўся на супрацу, — распавёў актывіст. — Ён (кадэбэшнік) дастаў паперчыну і сказаў: «Пішыце». Я прапанаваў, каб гэта была джэнтэльменская дамова. «Не, прабачце, бюракратыя».

Дыктуе: «Я, Павал Батуеў, буду супрацоўнічаць з КДБ, абавязваюся захоўваць тайну аб усім, што даведаюся цягам супрацоўніцтва. Прашу прызначыць мне аператыўны псеўданім...» Я засмяяўся і кажу: «Можа, вы мне яшчэ „Астра-Марцін“ дасцё, у Бонда быў, я бачыў». Ён таксама засмяяўся: «Калі ўжо вы Бонда згадалі, то няхай вашым псеўданімам будзе „Бонд“. Нават тады гэта было вельмі смешна», — расказвае Павал.

«Я разумеў, што адзіная магчымасць захаваць сваё сумленнае імя, — гэта публічна заявіць, што я падпісаў дакументы на супрацоўніцтва з КДБ, тым самым у аднабаковым парадку дадзеную дамову скасаваць. Я не мог гэта зрабіць адразу па выхадзе, мне быў патрэбен нейкі час, каб сабрацца і выехаць у бяспечнае месца. Цяпер я пра ўсё гэта адкрыта гавару. Ад моманту выхаду з ізалятара і да выезду з краіны ніякіх кантактаў з КДБ у мяне не было».