Сцэны масавых акцый пратэсту для кінапраекта "Авель" пачнуць здымаць у цэнтры Мінска 30 студзеня
Зімовы этап здымак нацыянальнага кінапраекта "Авель", які стварае беларуская кінакампанія "Нонстоп Медыя" ў супрацоўніцтве з ЗША, Германіяй і Расіяй, пачнецца 28 студзеня. Пра гэта БелаПАН паведаміў прадзюсар кампаніі Юрый Ігруша.
Кінастужка "Авель" ствараецца па замове Міністэрства культуры, на яе было выдзелена больш як 20 млрд. рублёў (каля 2,17 млн. долараў). Яна распавядае пра разлад і ўз'яднанне
двух братоў у кантэксце падзей сучаснай Беларусі. Рэжысёр-пастаноўшчык карціны — амерыканскі каскадзёр і пастаноўшчык трукаў Уільям дэ Віталь, які з'яўляецца выхадцам з
Украіны.
Праца над зімовым этапам здымак фільма будзе весціся ў Мінску, яна працягнецца да 8 лютага. Далей пачнецца падрыхтоўка да вясновага блока здымкаў, які пройдзе з красавіка па май у Мінску і,
верагодна, у некалькіх іншых гарадах Беларусі. Так, напрыклад, разглядаюцца здымкі асобнай сцэны на БелАЗе. У другой палове сакавіка здымачная брыгада адправіцца ў ЗША, дзе будуць зняты сцэны з
удзелам галівудскіх зорак. Здымкі завершацца ў маі, пасля чаго пачнецца мантаж і постпрадакшн, які скончыцца да канца жніўня.
У фільме будуць прысутнічаць эпізоды, дзеянні якіх разгортваюцца на фоне масавай дэманстрацыі ў Мінску пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. Гэты факт летась даў нагоду інтэрнэт-супольнасці
назваць "Авель" своеасаблівым адказам на польскі фільм "Жыве Беларусь" Кшыштафа Лукашэвіча паводле сцэнарыя апазіцыйнага актывіста Франака Вячоркі.
Праца над гэтымі эпізодамі запланавана на 30 студзеня — 2 лютага. Здымкі будуць весціся на праспекце Незалежнасці, пачынаючы ад Кастрычніцкай плошчы і да плошчы Незалежнасці, пераважна
вечарам і ноччу. Так, у першыя два здымачныя дні на пляцоўцы задзейнічаюць 500 чалавек, а ў астатнія дні — да 4 тысяч чалавек.
"Як і любая здымачная група, мы звяртаемся да Службы бяспекі прэзідэнта, распісваем, дзе і што будзе адбывацца, і атрымліваем дазвол, — растлумачыў Ігруша. — Нам аказваецца
дапамога і падтрымка МУС, рух будзе рэгуляваць ДАІ, але ніякіх турнікетаў не прадугледжваецца".
Паводле слоў прадзюсара, усё, што адбудзецца на здымачнай пляцоўцы, будзе "ў межах закона", таму, калі хтосьці паспрабуе яго парушыць, то ў дачыненні да яго "будуць
прымацца меры". "Калі на здымачную пляцоўку прыйдуць хуліганы і пачнуць учыняць правакацыі, то, зразумела, будзе выклікана міліцыя, як гэта зрабіла б любая здымачная група —
беларуская, расійская ці амерыканская, закон ёсць закон", — папярэдзіў Ігруша.
"Гэта не рэканструкцыя падзей. Гэты сюжэт патрэбен нам толькі як фон для дзеяння нашых герояў у драматычнай сітуацыі. Яны проста трапілі ў гэты час і месца, а для гэтага нам трэба
стварыць увесь фон, якім ён быў у той падзеі, і то з мастацкімі дапушчэннямі", — дадаў ён.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН