Сенатары ўхвалілі змены ў Крымінальны кодэкс Беларусі. Цяпер за заклікі да санкцый будуць караць

Сенатары ўхвалілі змены ў Крымінальны кодэкс Беларусі, паведамляе «БелТА».

uk_3.jpg


Законапраект, нагадаем, раней унеслі на абмеркаванне ў Палату прадстаўнікоў. У ім гаворка ішла пра ўзмацненне жорсткасці крымінальнай адказнасці за шкоду для нацыянальнай бяспекі Беларусі. Дакумент падтрымалі дзяржорганы і прыняла Палата прадстаўнікоў. Сёння ж яго ўхвалілі ў Савеце Рэспублікі.
Дакументам узмоцнены прэвентыўны патэнцыял артыкула 361 КК, ён выкладзены ў новай рэдакцыі, паведамілі ў «БелТА» са спасылкай на старшыню Пасткамісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржбудаўніцтве Сяргея Сіўца.
Дэпутат адзначыў, што артыкул гэты не новы, дзейнічаў і раней. Аднак «прынятыя ў дачыненні да Беларусі санкцыі» выклікалі неабходнасць перагляду частак гэтага артыкула, каб сфакусаваць увагу на супрацьпраўнасці дзеянняў асобных фізічных асоб і юрыдычных асоб у дачыненні да дзяржавы.
«Звязаных менавіта з публічнымі заклікамі да ўжывання санкцыйнай палітыкі. У першую чаргу гаворка ідзе пра эканамічныя санкцыі, закліканыя паралізаваць дзеянне нашай эканомікі, паставіць у жорсткія ўмовы функцыянаванне айчынных суб'ектаў гаспадарання», — растлумачыў дэпутат.
Ён лічыць, што цяперашняя рэдакцыя «будзе эфектыўнай перашкодай, каб спыніць альбо прыпыніць супрацьпраўныя дзеянні з боку адпаведных суб'ектаў».