Сілавікі ўзяліся за алігарха Гуцарыева, якому «няўхільна давярае» Лукашэнка

У кампаніях бізнесоўца Міхаіла Гуцарыева і яго сына Саіда праходзяць ператрусы па справе аб кантрабандзе нафты і нафтапрадуктаў, паведамілі расійскія СМІ.

gutserievmedia.ru

gutserievmedia.ru

«Следчыя распачалі крымінальную справу па факце кантрабанды нафты ў Еўропу адной з кампаній сына Гуцарыева. Справа ўзбуджаная па заяве Федэральнай мытнай службы (ФМС). Ператрусы праводзіліся ў тым ліку дома ў Гуцарыева сумесна з МУС, ФСБ і ФМС», — распавяла «Ведомостям» крыніца ў праваахоўных органах.
«Коммерсантъ» са спасылкай на свае крыніцы ўдакладніў, што ператрусы праводзяцца ў рамках крымінальнай справы па артыкуле 226.1 Крымінальнага кодэкса Расіі (кантрабанда стратэгічна важных тавараў і рэсурсаў).
Падставай для распачынання справы стала інфармацыя аб нелегальных пастаўках нафты і нафтапрадуктаў у Турцыю ў абыход мытных плацяжоў. Справе далі ход пасля таго, як ФСБ атрымала інфармацыю аб тым, што з Турцыі нафта магла трапляць ва Украіну.
Пастаўкі нібыта вяліся ў інтарэсах нафтавага холдынгу «ФортеИнвест», кіраўніком якога з'яўляецца Саід Гуцарыеў.
Гаворка ідзе аб кантрабандзе 100 тысяч тон нафты і нафтапрадуктаў, а шкода ацэньваецца ў 2 млрд расійскіх рублёў, напісала выданне РБК. Выданне Baza паведаміла аб 3 млрд рублёў шкоды.
У групе кампаній «Сафмар» сям'і Гуцарыева абверглі інфармацыю пра ператрусы і крымінальную справу.
«Раніцай 18 снежня ў СМІ і телеграм-каналах стала распаўсюджвацца інфармацыя пра ператрусы ў офісах групы «САФМАР» і крымінальных справах, узбуджаных супраць кампаній групы. Мы афіцыйна заяўляем, што гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці — у праваахоўных органаў адсутнічаюць якія-небудзь прэтэнзіі да кампаніяў групы. Публікацыі шэрагу СМІ група «САФМАР» расцэньвае як фэйк і правакацыю», — сказана ў паведамленні групы кампаній.
Сам Міхаіл Гуцарыеў у каментары РЕН ТБ назваў правакацыяй інфармацыю пра ператрусы ў яго кампаніі. Тым часам телеграм-канал Mash паведаміў, што бізнесоўца выклікалі на допыт позвай.
Міхаіл Гуцарыеў — адзін з найбагацейшых бізнесоўцаў Расіі. Forbes ацэньвае яго капітал у 3,7 млрд долараў. У 2017 годзе мільярдэр падзяліўся актывамі са сваім сынам Саідам Гуцарыевым, і той упершыню ўвайшоў у рэйтынг выдання. Капітал Гуцарыева-малодшага ацэньваецца ў 1,3 млрд долараў. Сям'і належаць кампаніі «Руснафта», «Нефтиса», «М. Відэа», «Рускі вугаль», «ФортеИнвест» і іншыя.

 Гуцарыевы і Беларусь


Сям'я расійскіх бізнесменаў цесна звязана з Беларуссю. У Мінску Міхаіл Гуцарыеў пабудаваў гасцініцу «Рэнесанс», тэрмінал для бізнес-авіяцыі ў сталічным аэрапорце, перабудаваў базу адпачынку Кіравання справамі прэзідэнта «Краснасельскае» ў сядзібу з домам прыёмаў.

Гуцарыеў і Лукашэнка на цырымоніі пачатку будаўніцтва Нежынскага горна-абагачальнага комплексу, 11 верасня 2015 года. Фота прэс-службы кіраўніка Беларусі

Гуцарыеў і Лукашэнка на цырымоніі пачатку будаўніцтва Нежынскага горна-абагачальнага комплексу, 11 верасня 2015 года. Фота прэс-службы кіраўніка Беларусі

Расійскі бізнесмен і яго сын Саід актыўна інвестуюць у IT-праекты разам з беларускім прадпрымальнікам Віктарам Пракапенем. У прыватнасці, яны запусцілі першую крыптабіржу ў Беларусі.
Самы буйны праект Гуцарыева ў Беларусі — гэта будаўніцтва калійнага камбіната ў Любанскім раёне, якое вядзе кампанія «Славкалій». Агульны кошт праекта складае 2 млрд долараў. Там плануецца здабываць да 2 млн тон хлоркалію у год і стварыць 2 тысячы працоўных месцаў.
Камбінат значыцца сярод найважнейшых праектаў у плане ўрада па развіцці адсталых рэгіёнаў Беларусі. Яго будаўніцтва павінна быць завершана ў 2023 годзе.
«У нас усё спакойна, роўна, без інцыдэнтаў. Мы працуем у штатным рэжыме, без якога-небудзь збою ў вытворчасці», — сказалі Naviny.by у «Славкалій».
Кіраўнік найбагатай сям'і Расіі — часты госць у Беларусі і асабіста ў Аляксандра Лукашэнкі з 2000 года. У мінулым годзе на традыцыйны прыём на стары Новы год Міхаіл Гуцарыеў за свой кошт прывёз у Мінск расійскіх артыстаў Рыгора Лепса, Наташу Каралёву і Мікалая Баскава. Гуцарыеў не толькі паспяховы бізнесмен, але і запатрабаваны паэт-песеннік.
Прэс-сакратар кіраўніка Беларусі Наталля Эйсмант сказала Forbes, што добрае стаўленне беларускага лідара Міхаіл Гуцарыеў заслужыў сваёй надзейнасцю. «Гэта чалавек, якому прэзідэнт Беларусі няўхільна давярае», — паведаміла яна.
naviny.by