Сябру ініцыятыўнай групы Ціханоўскай з Баранавіч выклікалі ў міліцыю і затрымалі
Учора ў міліцыю вылікалі лідарку баранавіцкай суполкі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, сябру ініцыятыўнай групы Ціханоўскай Тамару Патоцкую. З пастарунку яна так і не выйшла
Учора, 27 ліпеня, у міліцыю вылікалі лідарку баранавіцкай суполкі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), сябру ініцыятыўнай групы Ціханоўскай Тамару Патоцкую, паведамляюць праваабаронцы.
З міліцыя жанчыну не выпусцілі. А цяпер стала вядома, што сёння ў міліцыю выклікаюць яе сына.
Тамара Патоцкая была да выбараў у Баранавічах вядомая таксама як гаспадыня аграсядзібы Чыжы, што месцілася непадалёк ад горада.
Спадарыня Тамара была кандыдаткай пратэсту паводле стратэгіі Мікалая Статкевіча. Яна ў 2020 годзе падавала дакументы аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК, але яе заяўку не зарэгістравалі. 19 траўня 2020 года Тамару Патоцкую затрымалі ў Вярхоўным судзе, куды яна прыйшла на разгляд скаргі. У выніку — праз пару дзён асудзілі за тое, што яна нібыта не падпарадкавалася “законным патрабаванням міліцыянта” пакінуць судовую залу. Немаладая жанчына распавяла, што ў РУУС яе “білі па нырках, калі забіралі тэлефон… Калі абшуквалі, раздзявалі дагала”. Так паводзілі сілавікі сябе ў траўні 2020 года, яшчэ да масавых жнівеньскіх.
Тамара Патоцкая была і даверанай асобай Святланы Ціханоўскай. Яшчэ перад выбарамі спадарыня Тамара заклікала не хадзіць на датэрміновае галасаванне і распавядала ў СМІ, што падчас выбараў “усё будзе залежаць ад кожнага з нас для змены ўлады”.