Сябры партыі БНФ працягваюць вахту ў Курапатах, нягледзячы на заяву Рыгора Кастусёва

У чацвер, 9 жніўня, вахту ў Курапатах павінна была каардынаваць партыя БНФ. Але 7 жніўня яе лідар Рыгор Кастусёў заявіў, што арганізацыя спяняе ўдзел у курапацкай варце. Нягледзячы на гэта, некалькі сяброў БНФ сёння знаходзяцца ля брамы рэстарана «Поедем, поедим».

Наталля Ільініч і Валер Рабцаў (у цэнтры) на вахце ў Курапатах 19 ліпеня. Фота А. Ляшкевіч

Наталля Ільініч і Валер Рабцаў (у цэнтры) на вахце ў Курапатах 19 ліпеня. Фота А. Ляшкевіч


Як патлумачыў сябра партыі БНФ Валер Рабцаў,заява Рыгора Кастусёва мае рэкамендацыйны характар і ў прыватнай размове той казаў, што кожны партыец вырашае сам, ці ўдзельнічаць у вахце. Спадар Валер, бывала, па некалькі гадзін нёс вахту зусім адзін. Сёння ён зноў у Курапатах: “Я вырашыў працягваць удзел у абароне, бо так загадвае маё сумленне. Адчуваю адказнасць перад забітымі тут”.

Наталля Ільініч па чацвяргах прыязджала падтрымаць вахту БНФ з вёскі Талька ў Пухавіцкім раёне. Спадарыня Наталля працавала настаўніцай, была звольненая са школы за грамадскую актыўнасць, цяпер на пенсіі. Калі на яе пачаўся адміністрацыйны ціск, уступіла ў БНФ, бо адчувала салідарнасць і падтрымку. Плануе і далей прыязджаць у Курапаты па чацвяргах: “У заяве Рыгора Кастусёва ёсць свая логіка і сэнс. Але момант, канечне, не вельмі добры: абаронцы ў турме… Трэба было абмеркаваць з іншымі арганізацыямі, якія адказваюць за вахту. Але я ўсё роўна буду ўдзельнічаць у абароне, бо сама хачу падтрымаць”.

У абед на вахце ў Курапатах было пяцёра чалавек: выйшлі таксама ўдзельнік Моладзі БНФ Арсені Дзядок, кіраўніца ініцыятывы “За ўратаванне мемарыяла Курапаты” Ганна Шапуцька і актывіст Дзяніс Урбановіч. Апошні сёння даведаўся, што атрымаў штраф 25 базавых велічынь па артыкуле 23.4 КаАП “непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі”. Рашэнне вынесла 8 жніўня суддзя Лагойскага раённага суда Аксана Сарахман. Дзяніс не прысутнічаў на паседжанні, штраф плануе абскарджваць.

Ганна Шапуцька паведаміла: “Ля рэстарана сёння поўны шціль. Ні наведвальнікаў, ні падвозу прадуктаў”.

Дзяніс Урбановіч. Фота Алены Ляшкевіч

Дзяніс Урбановіч. Фота Алены Ляшкевіч


Прыхільнікаў БХД, якія ўдзельнічалі ў курапацкай вахце 8 жніўня і былі затрыманыя па дарозе дамоў у Віцебск, адпусцілі з Бараўлянскага РАУС у той жа вечар. На Ірыну Захараву і Алену Янушкоўскую склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і паведамілі, што суды пройдуць у Віцебску.

За кратамі застаюцца Максім Вінярскі (з 4 жніўня) і Павел Севярынец (з 6 жніўня). Яны адбываюць ужо па другім тэрміне па 10 сутак за абарону Курапатаў-2018. Вахта ля рэстарана «Поедем, поедим» тым часам не спыняецца, можна далучацца штодня з 12.00.