Сядуць усе. Як і навошта з «ябацек» робяць «экстрэмістаў»

Сістэма пажырае сама сябе. Цяпер за кратамі знаходзяцца не апаненты ўлады, а ўжо і яе прыхільнікі. Тыя самыя, якія арганізоўвалі ў 2020-м «ябацькінгі» і нават заганялі туды людзей. А што зробіш: сапраўдных «экстрэмістаў» не хапае, даводзіцца шукаць іх сярод «лаяльных».

img_2820_logo_1.jpg

Арышты за падпіскі на «экстрэмісцкія» рэсурсы — часты спосаб ціску на апанентаў улады. Аднак за краты за падпіскі на недзяржаўныя медыя трапляюць не толькі апаненты ўладаў ці выпадковыя людзі, але і цалкам лаяльныя Лукашэнку, і нават дзяржаўныя службоўцы. 

Пасьля пратэстаў 2020 году ўлады Беларусі пачалі «зачыстку» грамадзянскай супольнасьці. Вялікую колькасьць актывістаў і журналістаў зьмясьцілі за краты, незалежныя СМІ прызналі «экстрэмісцкімі». Людзей, якія чытаюць іх ці падпісаныя на «экстрэмісцкія» сацыяльныя сеткі, караюць адміністрацыйным арыштам, піша «Свабода».

Схапілі, бо дачка падпісалася на «нешта забароненае» у TikTok

Максім (імя зьмененае, ягоныя дадзеныя ёсьць у рэдакцыі. — РС) працуе ў адной з эўрапейскіх краінаў. У Гомель ён прыехаў у лістападзе да блізкіх. Кажа, што і раней часта езьдзіў «туды-сюды», але ніякіх праблем ня меў. У падзеях 2020 году суразмоўца не ўдзельнічаў.

«Схапілі за тое, што гадоў пяць ці больш таму меў нейкі перадрук у „Аднаклясьніках“ таго, што цяпер прызнана „экстрэмізмам“. Я на „Аднаклясьнікі“ не заходзіў мо пяць гадоў, хацеў выдаліць, але забыўся пароль. Так тая старонка і вісела, пакуль не прыцягнула ўвагу міліцыі», — кажа Максім.

Суразмоўца дадае, што вельмі зьдзівіўся публіцы, якую сустрэў на ІЧУ.

«Шчыра скажу, у шоку быў. Адны начальнікі і буйныя бізнэсоўцы сядзелі. Яны не разумелі, за што іх ўзялі, у чым віна», — кажа Максім.

Па словах мужчыны, зь ім сядзеў малады спэцыяліст, які ледзь ня стаў дырэктарам птушкафабрыкі. Яго вельмі хвалілі ў гомельскай дзяржаўнай прэсе як пэрспэктыўнага маладога кіраўніка. Ён таксама зьяўляецца сябрам БРСМ.

«Перад прызначэньнем на пост дырэктара птушкафабрыкі яго паклікалі ў КДБ. Казалі, на пяць хвілін, на такую праверку. Там паглядзелі тэлефон і знайшлі нейкую падпіску ў Tik-Tok. Тэлефон, як ён кажа, даваў малой дачцэ. Гаворыць, што не разьбіраецца ў тых тык-токах, бо ўвесь час аддаваў працы, яму было не да тэлефона», — расказвае Максім.

Тым ня менш замест пасады дырэктара малады спэцыяліст трапіў у ізалятар.

Максім дадаў, што ў ізалятары сустракаў людзей, якія ў 2020 годзе выходзілі на мітынгі за Лукашэнку ці нават, як ён кажа, «заганялі туды людзей». «Цяпер яны сядзяць і не разумеюць, за што іх пакаралі», — сьцьвярджае суразмоўца.

Ён зазначыў, што адзін з арыштантаў меў гадзіньнік з партрэтам Лукашэнкі і надпісам «За доблестный труд».

«Расказваў, што выводзіў людзей на мітынгі ў падтрымку Лукашэнкі, а так зь ім абышліся. Гадзіньніка ў камэры, натуральна, не было, ён быў у канвойных, і яны за гэта кпілі з арыштаванага», — кажа Максім.

Глядзіце таксама

Начальнікі аддзелаў, прафсаюзная дзяячка

Як паведамлялі праваабаронцы, у Гомлі за адну падпіску на «экстрэмізм» арыштавалі старшыню Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюзу банкаўскіх і фінансавых работнікаў Тацяну Хацкову. На працэсе жанчына казала, што губляла тэлефон і спасылку на «экстрэмізм» мог разьмясіць нехта іншы. Але суд пакараў яе арыштам тэрмінам на 15 дзён.

«Такіх людзей цяпер шмат у ізалятары. Прычым яны шчыра не разумеюць, за што яны сядзяць. Напрыклад, быў начальнік буйнога аддзела прадпрыемства „Спартак“. У яго нешта знайшлі ў Tik-Tok. Гэта ўсё справа тых намесьнікаў дырэктараў, якіх паставілі пасьля 2020 году сачыць за „бясьпекай“. Як правіла, гэта былыя міліцыянты ці супрацоўнікі КДБ. Вось яны і стараюцца», — лічыць Максім.

Суразмоўца дадаў, што начальнік аддзела ня памятаў, адкуль у яго зьявілася тая падпіска і ці ён сам гэта рабіў.

«Быў там і дырэктар IT-кампаніі, і намесьнік дырэктара камэрцыйнай кампаніі. Сядзеў у „элітнай“ кампаніі я, карацей. Дырэктар IT-кампаніі — паважаны ў Гомлі чалавек. Апроч бізнэсу, ён актыўна супрацоўнічаў з уладай, меў падзякі ад старшыні аблвыканкаму, дапамагаў грашамі гораду, калі праводзіліся розныя мерапрыемствы. І вось узялі і яго», — кажа былы арыштант.

Пра дырэктара IT-кампаніі Юрыя Баля паказвалі «пакаяльны» ролік у тэлеграм-канале, зьвязаным з ГУБАЗіК. Там напісалі, што Баля затрымалі за падпіскі і што «плянаваў балятавацца ў дэпутаты гарадзкога Савету».

Максім расказвае таксама, што зь ім сядзеў супрацоўнік чыгункі, этнічны украінец.

«Яго „круцілі“ так і гэтак, цягалі на допыты, спрабавалі даказаць, што ён можа быць агентам СБУ, бо ён перапісваўся з чалавекам у вайсковай форме. Ён даказваў, што той чалавек не вайсковец, а ахоўнік, мае такую форму», — гаворыць суразмоўца.

Максім таксама кажа, што бачыў шмат «карусэляў», калі чалавека затрымліваюць на 15 дзён, потым дадаюць яшчэ 15. «Прычым дадаюць новыя «суткі» подла — за дзень да таго, як у чалавека заканчваецца тэрмін».

Умовы ўтрыманьня для «палітычных» арыштантаў застаюцца ранейшымі. Яны абмежаваныя ў правах і адчуваюць дадатковы ціск з боку адміністрацыі.

«Гэта проста палон, зьдзек, нечалавечае стаўленьне. Матраца, коўдры не даюць. Выводзяць толькі ў кайданках. Ноччу будзяць, каб сказаў сваё прозьвішча. Ежа — выключна кашы, вада і хлеб. Усё халоднае. Даюць на ўвесь тэрмін, 15 дзён, 200 грамаў каўбасы ці сала зь перадачы і 200 грамаў пячэньня», — гаворыць Максім.

Па ягоных уражаньнях, арышты начальнікаў робяцца для запалохваньня людзей.

«Бо калі затрымалі нейкую прыбіральніцу за падпіску, то мала хто будзе ведаць пра гэта і, адпаведна, баяцца. Калі бяруць начальнікаў, дырэктараў фірмаў, то ўсе закалоцяцца і будуць баяцца нават пікнуць, нават думаць «ня ў той бок», — лічыць суразмоўца.

Захаваны правапіс арыгіналу