Сяргей Марцалеў: Я трымаў галадоўку толькі 5 дзён
«На пятыя суткі адвезлі ў рэанімацыю», — беларускі палітык Сяргей Марцалеў, які ў 2010 годзе быў кіраўніком штаба Мікалая Статкевіча, узгадвае свой досвед сухой галадоўкі.
Марцалеў трымаў галадоўку
ў знак незаконнага затрымання яшчэ ў 1997 годзе, а цяпер падобную галадоўку за
кратамі гродзенскай турмы трымае музыка і актывіст Ігар Банцар.
— Гэта заўсёды жэст адчаю. І трэба разумець, што наступствы гэтага кроку могуць быць самымі сур’ёзнымі, аж да трагічных. Справа ў тым, што, у адрозненне ад звычайнай галадоўкі, такую галадоўку чалавек можа вытрымаць пяць – максімум сем сутак. Так далёка ў сваім эксперыменце я не зайшоў. Мяне на пятыя суткі адвезлі ў рэанімацыю.
Пры затрыманні Сяргея Марцалева моцна збілі міліцыянты, і ён патрапіў у шпіталь:
— У сакавіку 1997 года мне было амаль дваццаць гадоў. Гэта быў жэст адчаю. Я быў адным з арганізатараў студэнцкай акцыі на плошчы Якуба Коласа ў Мінску. Нас вельмі жорстка арыштоўвалі міліцыянты. У мяне былі яшчэ паралельна пералом рабра і траўма рукі.
Сяргей Марцалеў пасля падзеяў снежня 2010 года быў затрыманы і асуджаны па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса на 2 гады з адтэрміноўкай. Ён быў прызнаны палітзняволеным і цяпер жыве за мяжой. Марцалеў асабіста знаёмы з Ігарам Банцарам і памятае Ігара з часоў вучобы ў Варшаўскім універсітэце.