Севярынцу вярнулі кнігі Пазняка, не знайшоўшы ў іх экстрэмізму. Акрамя адной

Увечары 13 кастрычніка 2014 года сустаршыню БХД Паўла Севярынца затрымалі на памежным пераходзе Брузгі, калі ён вяртаўся з Беластоку. Пасля прад’яўлення пашпарту Севярынца павялі на асабісты агляд і сканфіскавалі шэраг кнігаў Зянона Пазняка.



terra_dei.jpg

6 лютага пасля двух зваротаў непасрэдна на пункт пропуску Брузгі і ў Гродзенскую рэгіянальную мытню Павал Севярынец атрымаў адказ, падпісаны намеснікам начальніка мытні Ю.І.Комлачам. У адказе паведамляецца, што спецыяльная камісія правяла экспертызу кнігаў Пазняка на «прадмет наяўнасці прыкмет экстрэмізму» (экспертнае заключэнне ад 28.01.2015) і вызначыла, што ў гэтай літаратуры прыкметаў экстрэмізму няма.
Праўда, Гарадзенская мытня ўдакладняе: з 26 адабраных кнігаў уладальніку вернуць толькі 25. Кніга «Тэрра Дэй» дагэтуль знаходзіцца на экспертызе.
«Дзякуй Богу, нарэшце, прыйшоў адказ, прычым па-беларуску, на мове звароту. Добра, што у органаў хапіла розуму не прыдумваць «прыкметаў экстрэмізму» ў кнігах Зянона Пазняка. Пройдзе час, і кнігі Зянона будуць вывучаць беларускія школьнікі, а не эксперты камісіі па экстрэмізме. Ну а наконт кнігі «Тэрра Дэй» — напэўна, яна асабліва спадабалася чытачам з камісіі. Буду пісаць асобную заяву, каб яе вярнулі», — адзначыў сустаршыня БХД.
bchd.info