СК скончыў расследаванне авіякатастрофы ў Баранавічах. Што кажуць?

Следчы камітэт скончыў расследаванне крымінальнай справы аб авіякатастрофе самалёта Як-130 у Баранавічах. Яна адбылася 19 мая гэтага года. Загінулі два лётчыкі.

Фота СК

Фота СК

Як паведамляе СК, у той дзень на аэрадроме «Баранавічы» выконваліся вучэбна-трэніровачныя палёты. З аэрадрома «Ліда» вылецела група з чатырох самалётаў Як-130, у склад якой уваходзіў і пацярпелы катастрофу самалёт. Яны павінны былі прыляцець на аэрадром пад Баранавічамі. Пасля выканання задання ў складзе групы камандзір паветранага судна па камандзе вядучага прыступіў да адзіночнага выканання фігур вышэйшага пілатажу на малых вышынях над дадзеным аэрадромам.

«У працэсе выканання самалётам віража, бартавой сістэмай аб'ектыўнага кантролю пачалі рэгістравацца сігналы аб адмовах датчыкаў, вылічальнікаў і прывадаў комплекснай сістэмы кіравання, а таксама стабілізатара паветранага судна. З гэтага моманту спынілася спраўнае кіраванне самалётам», — гаворыцца ў паведамленні СК.

Экіпажу самалёта былі пададзеныя каманды пакінуць паветранае судна. Сітуацыя развівалася на працягу 40 секунд.

«Пілоты да апошняга моманту спрабавалі адвесці самалёт ад горада. Рашэнне катапультавацца прынялі за долі секунды да трагедыі, пераканаўшыся, што траекторыя падзення самалёта знаходзіцца па-за жылых дамоў», — адзначылі ў СК.

У ходзе следства суместна з камісіяй Мінабароны былі дапытаныя больш за сто чалавек, вывучана дакументацыя самалёта, прааналізаваныя перамовы лётчыкаў і дыспетчараў, відэазапісы таго, што адбылося, праведзены экспертызы.

СК сцвярджае, што парушэнняў правілаў палётаў і падрыхтоўкі да іх альбо іншых правілаў эксплуатацыі ваенных лятальных апаратаў, якія знаходзяцца ў прамой прычыннай сувязі з наступствамі — авіяцыйнай катастрофай, якая пацягнула смерць дзвюх асоб і іншыя цяжкія наступствы, не дапушчана.

«Прычына трагедыі — адмова сістэмы кіравання самалётам», — гаворыцца ў паведамленні СК.

У інфармацыі Следчага камітэта не раскрываюцца прычыны адмовы сістэмы кіравання самалётам.

Папярэдняе расследаванне спынена ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства.

Паводле reform.by.