Скандал у «Беларускім моладзевым хабе»: змена кіраўніцтва ці «рэйдарскі захоп»?
Сёння ў сацсетках Беларускага моладзевага хаба паведамілі, што «адбылося ўварванне» ў офіс у Варшаве, былі выламаны замкі, спрацавала сігналізацыя.
Каманда Беларускага моладзевага хаба, яго стваральнік і кіраўнік Алесь Лапко, сузаснавацелька і сябар назіральнай рады Стася Гліннік, выступілі з заявай пра ўварванне ў памяшканне і пра «спробу рэйдарскага захопу беларускага хаба групай асоб на чале з Сяргеем Бульбай». Адзначаецца, што захоп пачаўся ў ліпені 2023 года:
«Праўленне, каманда Хаба і яго ініцыятывы нават не былі праінфармаваны пра магчымыя змены. Дзейнасць Хаба пад пагрозай, дзеючыя праекты могуць быць сарваны. Мы разглядаем дзейнасць Сяргея Бульбы і яго падзельнікаў як варожы акт агрэсіі супраць беларускага НДА ў Польшчы і просім дапамагчы нам абараніць разам наш Беларускі Хаб, які стаў адной з самых бачных пляцовак беларускай культуры і думкі за мяжой».
Кантроль над сацыяльнымі сеткамі, сайтам, электроннымі скрынямі і іншымі каналамі камунікацыі застаўся ў каманды Хаба, якая працягвае займацца справамі Хаба.
Алесь Лапко і Стася Гліннік адзначаюць, што каманда хаба «заручылася падтрымкай прадстаўнікоў дэмакратычнага руху — Офіса Святланы Ціханоўскай, Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, шэрагу беларускіх і польскіх НДА».
Ранейшае кіраўніцтва папярэджвае, што «ад імя Беларускага хаба могуць звяртацца махляры» і адзначае, што «праз немагчымасць гарантаваць бяспеку наведвальнікам прасторы Беларускага хаба было прынята рашэнне прыпыніць дзейнасць пляцоўкі па адрасе Варшава, пл. Канстытуцыі, 6 да вырашэння крызіснай сітуацыі.
Аляксандр Лапко, які кіраваў арганізацыяй да апошняга часу, заявіў, што «Беларускі моладзевы хаб сёння пад пагрозай», і назваў імёны людзей, якія, на яго думку, «стаяць за гэтай справай». «Гэта члены наглядальнай рады Хаба Андрэй Ракевіч і Анастасія Баравікова, якія ў змове з Сяргеем Бульбай у парушэнне статута і рэгламенту БМХ змянілі кіруючыя органы», піша «Позірк».
Аляксандр Лапко лічыць, што змена кіраўніцтва адбылася незаконна — шляхам падробкі ў дакументацыі.
У каментары «Свабодзе» 56-гадовы Сяргей Бульба, экс-кіраўнік «Белага легіёна», пацвердзіў, што з'яўляецца новым кіраўніком моладзевага хаба.
Паводле ягоных слоў, змены ў арганізацыі адбыліся «ў адпаведнасці з польскім заканадаўствам, таму тут няма ніякай сенсацыі».
Reform.by Бульба выклаў сваю версію канфлікту: «Адбываецца аднаўленне законнасці. Усё, што адбываецца — згодна з заканадаўствам. Я з’яўляюся кіраўніком гэтай арганізацыі. Я прасіў старое кіраўніцтва даць дакументацыю для аўдыту, прасіў перадаць памяшканне, але яны зрабілі выгляд, што гэтага не пачулі. Старая наглядальная рада таксама прасіла даць дакументацыю — яны гэтага не зрабілі. Мы паехалі ў паліцыю, узгаднілі свае дзеянні з усімі неабходнымі дзяржаўнымі органамі. Усё абсалютна законна». У польскім рэестры Бульба сапраўды пазначаны як старшыня праўлення з 26 ліпеня 2023 года.