Скандал у Нацыянальнай бібліятэцы: расійскія падлеткі зладзілі спаборніцтвы па даўжыні пляўкоў і папсавалі выставу

Расійскія падлеткі ў літаральным значэнні слова аплявалі выставу «111 год кітайскаму кінематографу», якая дзейнічае ў мастацкай галерэі «Атрыум» на трэцім паверсе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Хлопцы-спартоўцы знайшлі сабе адпаведную забаўку: сядзелі ў крэслах і ладзілі спаборніцтвы па даўжыні пляўкоў. Як вынік – апляваная падлога і два выставачныя плакаты, што віселі на сцяне.
Ад грубіянаў пацярпела і супрацоўніца бібліятэкі. Жанчына пачула нецэнзурную лексіку і зрабіла заўвагу, аднак хлопцы адказалі ёй брыдкай лаянкай.
Затрымаць правапарушальнікаў дапамагла неабыякавая наведвальніца бібліятэкі. «Хлопцы ўжо паспелі сысці з галерэі. Я ж пабегла ўніз, звярнулася да аховы, каб іх затрымалі. Падлеткі паводзілі сябе даволі паслухмяна. Пачакалі міліцыянера, які праверыў у іх дакументы і зрабіў вымову», — расказала Марына.
Як выявілася, у старэйшага, атлета, пры сабе было некалькі расійскіх пашпартоў. У меншага, самбіста, дакументаў пры сабе не аказалася. Аднак на поясе вісела невялікая сумка з надпісам «я русский». Па словах 12-гадовага падлетка, ён толькі вярнуўся з месячнай вандроўкі ў Санкт-Пецярбург і вырашыў з сябрам наведаць Нацыянальную бібліятэку. Тут яны былі ўпершыню.
На пытанне, з якой мэтай хлопцы зрабілі свой абразлівы ўчынак – прамаўчалі. Меншы, па словах Марыны, увесь час адмаўляў, што нанёс шкоду. «Хлопцы адмыслова выбралі месца, у якое не глядзіць камера. І пра гэта шматразова паўтараў самбіст. Думалі, іх ніхто не заўважыць. Аднак я заўважыла», — пракаментавала дзяўчына.


Правапарушальнікі мусілі ўзяць туалетную паперу і выцерці пляўкі. Аднак, такія захады не дапамаглі выратаваць інфармацыйныя плакаты, бо сліна пашкодзіла фарбу.
Хлопцаў адпусцілі. Начальнік службы аховы Нацыянальнай бібліятэкі патлумачыў, што гэта першы выпадак нанясення шкоды маёмасці.
Паводле «Нашай Нівы»