«Сказалі больш не ўдзельнічаць у акцыях». У МДМУ аднаўляць «адлічаных» студэнтаў
На мінулым тыдні з медуніверсітэта адлічылі 21 чалавека, кажуць студэнты, а цяпер большасць з іх аднавілі. У прэс-службе БДМУ паабяцалі пракаментаваць сітуацыю пазней.
Жыццё ідзе, людзі вяртаюцца на заняткі, у ВНУ ўсё спакойна — распавяла TUT.BY другакурсніца лечфака Яна. Праўда, дакладнай лічбы, колькі студэнтаў аднавілі, суразмоўцы TUT.BY не ведаюць. Адны кажуць «больш 10», іншыя — 17.
— Пра тое, што мяне адлічваюць, я даведалася 28 кастрычніка. Тады ж у выконваючага абавязкі дэкана я падпісала загад аб сваім адлічэнні і з таго часу не хадзіла на пары — распавядае Яна. —Учора мне патэлефанаваў намеснік дэкана і папрасіў прыйсці на размову. Падчас гутаркі мне сказалі, што мяне аднаўляюць. Дакладней так: мне паведамілі, што я не была адлічаная.
І дадае, што студэнтам ніякіх копій паперы аб адлічэнні не выдавалі.
У мінулую пятніцу на сустрэчы рэктарата са студактывам, распавядала Яна, ім казалі: тым, хто хоча аднавіцца, трэба выканаць некалькі ўмоў. Сярод іх — напісаць хадайніцтва з выбачэннямі за тое, што здарыліся і з прызнаннямі, што ўдзельнічаючы ў акцыях, яны памыляліся
— Наколькі я разумею, гэтыя ўмовы прыбралі. Казалі, што камусьці прапаноўвалі выступіць у лекцыйнай аўдыторыі, сказаць, што памыляўся, але гэта не абавязкова, — працягвае Яна. — У сваім хадайніцтве я не пісала слёзных выбачэнняў. Проста пералічыла заслугі перад універсітэтам і напісала, чым планую займацца далей. Дарэчы, у дакуменце я пазначыла "прашу мяне аднавіць" — мяне папрасілі гэта закрэсліць і напісаць "прашу мяне не адлічваць".
Яшчэ адно патрабаванне да тых, хто захацеў аднавіцца, працягвае суразмоўца — "абяцанне, што не будзеш удзельнічаць у акцыях як у ВНУ, так і за яго межамі".
— Дакладней, гэта не ўмова, ты можаш удзельнічаць, але тады ты адновішся, потым раптам трапішся на акцыі, табе дадуць дзве вымовы — і законна адлічаць, — кажа Яна, і дадае, што ў роспачы ад усяго таго, што адбываецца. — Я так і не зразумела, што ўсё гэта было. Мабыць, нам хацелі паказаць, што радзіма любіць усіх аднолькава.
У пятніцу, 6 лістапада, Яна вярнулася на пары. Што будзе з заняткамі, якія яна прапусціла з-за адлічэння? Хутчэй за ўсё, кажа, пропускі палічаць паважнай прычынай і іх можна будзе адпрацаваць.
Сёння вярнулі студэнцкі білет і яшчэ аднаму будучаму лекару. Ён прасіў не называць яго сапраўднае імя. У сваім хадайніцтве, якое, па словах хлопца, яго ўгаварылі напісаць бацькі, ён "абцякальна «пазначыў», што не меў рацыі".
— У ВНУ мне сказалі, каб я больш не ўдзельнічаў у акцыях, а надаваў больш часу вучобе, — распавядае хлопец. — Інакш пытанне ўжо стаяць не будзе, а адразу адлічэнне без шанцаў.
На пытанне, ці ведае ён, колькі студэнтаў усё ж аднавілі, хлопец сказаў: “Не, але, наколькі я ведаю, звязваліся з усімі. Але хто пайшоў на гэтыя ўмовы, сказаць не магу”.