Следчы камітэт папярэджвае СМІ: Не лезьце ў справу Даната Скакуна!
Следчы камітэт заявіў «сваё негатыўнае стаўленне да інфармацыйных баталій вакол крымінальнай справы Даната Скакуна».
Па версіі ведамства, «інфармацыя, якая распаўсюджваецца ў апошні час некаторымі СМІ, якая тычыцца справы Даната Скакуна, мае вельмі аддаленае стаўленне да самой крымінальнай справы і доказных матэрыялаў, якiя знаходзяцца ў ёй», піша belprauda.org.
СК бядуе, што «ў прадстаўленай для грамадскасці інфармацыі няма самага галоўнага — пэўнасці. Складваецца ўражанне, што хтосьці наўмысна дэзінфармуе грамадскасць, уводзіць яе ў зман».
«Усеабдымная інфармацыя пра крымінальную справу Даната Скакуна будзе прадстаўлена пасля ўступлення прысуду ў законную сілу, г.зн. пасля разгляду матэрыялаў справы ў апеляцыйным парадку ў Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь», — заяўляе прэс-служба следчага камітэта. Таму ведамства «рэкамендуе прадстаўнікам СМІ і грамадскасці ўстрымацца ад розных заяў да заканчэння судовага працэсу».
7 красавіка Мінскі гарадскі суд прызнаў 16-гадовага хлопца Даната Скакуна вінаватым у замаху на забойства з асаблівай жорсткасцю на настаўніцу рускай мовы гімназіі №74 Мінска Валянціну Губарэвіч і асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі. Беларускія СМІ знайшлі шэраг нестыковак у крымінальнай справе і сфармулявалі шэраг пытанняў, на якія не далі адказу ні следства, ні суд. У справе занадта шмат цёмных плямаў, якія Следчы камітэт абяцае раскрыць толькі пасля разгляду апеляцыі ў Вярхоўным судзе.
Дык чаму ж крымінальную справу зачынілі, тым самым спарадзіўшы чуткі і спекуляцыі? Чаму б не агучыць усю інфармацыю ў судзе, а не пасля? Грамадства павінна ведаць, за што падлетка кідаюць у турму на 8 гадоў. Бо на коне — жыццё 16-гадовага хлопца, лёс яго бацькоў і блізкіх.
— Прынцыпова чалавек лічыцца невінаватым да таго часу, пакуль суд не вынесе прысуд, які ўступіць у законную сілу — да таго часу чалавек лічыцца невінаватым. І да таго часу падключаць СМІ — ці то на яго баку, ці то супраць — нельга, таму што гэта можа паўплываць на вынясенне справядлівага прысуду. Так прынята ў дэмакратычным грамадстве, у нас усё па-іншаму, — тлумачыць генерал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб.
Нагадаем, што ў фейсбуку створана адмыслова старонка ў падтрымку Даната Скакуна.