Слонімцы ўшанавалі ахвяраў савецкіх партызан
У вёсцы Якімавічы Слонімскага раёна сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл ушанавалі сям’ю Васіля Струпаўца, якую падчас Другой сусветнай вайны расстралялі мясцовыя савецкія партызаны.

Адначасова слонімцы адкрылі надмагільны помнік Васілю Струпаўцу. Яны ўсклалі кветкі на магілу, запалілі знічкі, а таксама хвілінай маўчання памянулі ўсіх вяскоўцаў, якія загінулі ад рук бандытаў падчас вайны. Сябры БХД Іван Бедка і Алесь Масюк, сябра БНФ Павел Севасцьян прыгадалі Васіля Струпаўца, а таксама расказалі пра трагічны лёс яго сям’і.
У красавіку 1943 года ў хату Струпаўцоў увайшлі камандзір савецкага партызанскага атрада імя Панамарэнкі Іван Зайцаў разам з Бухарэўскім, Азановічам, Багуслаўскім і іншымі “партызанамі”. Зайцаў з кулямёта стрэліў па старэйшым Васілю Струпаўцу і па яго маленькім сыне Васілю. Гаспадар хаты быў забіты адразу, а Васіль паранены ў ногі. А потым каты застрэлілі жонку Васіля, двух сыноў і дачку. Пасля бандыты вынеслі ўсё з хаты і падпалілі яе знутры. Але цяжка паранены хлопчык Васіль Струпавец схаваўся пад печ, а потым патушыў у хаце агонь і выпаўз на вуліцу. Там яго падабралі вяскоўцы і адвезлі ў Слонім у шпіталь. Ён выжыў, але застаўся на ўсё жыццё інвалідам і сведкам злачынства савецкіх партызан брыгады імя Панамарэнкі, якія па-зверску закатавалі ў Якімавічах некалькі дзесяткаў вяскоўцаў.
У 1990-я гады Васіль Струпавец быў сябрам БНФ “Адраджэнне”, ён тады і распавёў праўду пра злачынствы “партызан” у сваёй роднай вёсцы. На могілках у вёсцы Якімавічы Васіль Струпавец пахаваны побач з агульнай магілай бацькі, маці, братоў і сястры, закатаваных бандытамі. Усіх іх і ўшанавалі сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл.
racyja.com