Справа Знака і Калеснікавай паступіла ў Мінскі абласны суд

Пра гэта паведаміў у сваім тэлеграм-канале адвакат Дзмітрый Лаеўскі.

kolesnikova_znak.jpg


«Цяпер афіцыйна: крымінальная справа па абвінавачанні Максіма Знака і Марыі Калеснікавай па ч.1 арт.357, ч.3 арт.361, ч.1 арт.361-1 КК паступіла для разгляду ў Мінскі абласны суд.
Дата разгляду пакуль невядомая. Рыхтуемся да разгляду.
Абаронай ад самага пачатку паслядоўна аспрэчвалася абвінавачанне з прычыны адсутнасці складаў якіх-небудзь злачынстваў. Мы пакажам у судзе, што абвінавачанне не мае пад сабой аніякіх прававых падстаў», — напісаў Дзмітрый Лаеўскі.
Нагадаем, адвакату Максіму Знаку і кіраўніцы штаба Віктара Бабарыкі Марыі Калеснікавай ставяць у віну «змову або іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу цi ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» (да 12 гадоў пазбаўлення волі); «заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы» (да 5 гадоў пазбаўлення волі); «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо кіраванне ім» (да 7 гадоў пазбаўлення волі).
Максім Знак і Марыя Калеснікава знаходзяцца за кратамі з верасня 2020 года, яны прызнаныя палітвязнямі.