Справу супраць мужчыны, якому сілавікі зламалі хрыбет, суд вярнуў на дапрацоўку
Мужчыну, які трапіў на відэа BYPOL з Фрунзенскага РУУС, спрабуюць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у акцыі пратэсту, паведамляе «Свабода».
Падчас жнівеньскіх пратэстаў 55-гадоваму Ігару Пагоцкаму зламалі хрыбет. Крымінальную справу на сілавікоў не завялі, а пацярпелага цяпер судзяць паводле артыкулу 23.34 КаАП.
У судзе Фрунзенскага раёна Мінска разглядзелі справу за пратакол, складзены яшчэ 12 жніўня. Судовы працэс вядзе суддзя Юлія Блізнюк.
Ігар Пагоцкі адразу заявіў, што не давярае суду, аднак хадайніцтва было адхіленае.
Паводле пратаколу, увечары 12 жніўня на вуліцы Прытыцкага мужчына ўдзельнічаў у масавым мерапрыемстве. Па факце ж ён быў каля гатэля «Арбіта», удзелу ў мітынгу не браў, а назіраў збоку. Здымаў падзеі на відэа. Людзі абурыліся прапагандысцкай версіі пра смерць Аляксандра Тарайкоўскага і выйшлі на вуліцу. Ён вырашыў, што паспрабуе ўсё зафіксаваць.
Прыкладна праз гадзіну прыехаў АМАП. Разам з іншымі Ігар Пагоцкі таксама пабег, але спатыкнуўся і ўпаў. Ён добра памятае, дзе яго затрымалі: сілавікі напісалі гэта маркерам на ягонай спіне. У аўтазаку ў мужчыны забралі флэшку, маленькую камеру і ліхтар. Кажа, што яго білі пры затрыманні і ў РУУС. Але «хуткая» змагла забраць яго толькі з Акрэсціна, пасля ночы на халоднай падлозе.
Суду патлумачыў, што пратакол падпісаў у РУУС пасля збіцьця і паламанага хрыбта. Адзначыў, што трапіў на відэа з Фрунзенскага РУУСу, і сказаў, што можна апазнаць тых, хто яго пакалечыў. Адказ суддзі Блізнюк быў такі: «А ёсць іншыя звесткі, якія тычацца адміністрацыйнай справы?»
Ігар Пагоцкі звяртаўся ў Следчы камітэт з дакументамі, якія пацвярджаюць траўмы, але атрымлівае выключна адпіскі. Праз стан здароўя ён быў вымушаны звольніцца з працы.
Справу Ігара Пагоцкага суддзя вярнула на дапрацоўку ў РУУС.