Віцебская міліцыя закупляе шродэры пятага ўзроўню сакрэтнасці. Да нечага рыхтуюцца?
Упраўленне ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама плануе выдаткаваць 3750 рублёў на закупку прылад для знішчэння дакументаў. Аплачваецца гэтая закупка з рэспубліканскага бюджэту.

Так знішчаюць дакументы шродэры з розным узроўнем сакрэтнасці.
Міліцыя Віцебшчыны хоча набыць шродэры пятага ўзроўню сакрэтнасці — гэта значыць такія, што здольныя здрабнець дакументы на палоскі шырынёй усяго два міліметры і даўжынёй у 10 міліметраў, паведамляюць «Народныя навіны Віцебска». Такія прылады звычайна патрэбныя для ліквідацыі надзвычай канфідэнцыйных дакументаў.
Да таго ж, гэтыя прылады для знішчэння дакументаў, згодна з дакументацыяй закупкі,
павінны мець магчымасць здрабнець CD і DVD дыскі, пластыкавыя карты, скобы ад стэплераў.
Прадукцыйнасць прылады заяўленая ў 15 лістоў, а цыкл бесперапыннай працы — 20 хвілін. Усяго Упраўленне ўнутраных спраў закупляе 5 такіх шродэраў, іх агульны арыенціровачны кошт складае 3750 рублёў.
Набываюцца яны па працэдуры закупкі з адной крыніцы. Шродэры павінны паставіць заказчыку да 12 лютага. Аплачваецца гэтая закупка з рэспубліканскага бюджэту.