Старшыня МГА ЗБС «Бацькаўшчына» Алена Макоўская з’ехала за межы краіны
Старшыня Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына»» Алена Макоўская з’ехала за межы краіны.
«Хочацца спадзявацца, што гэта ўсе ж, хаця і раптоўная, але камандзіроўка, што гэта ўсё скончыцца і можна будзе вярнуцца ў Беларусь. Дзякуй усім, хто дапамагаў. Ну і выбачаюся перад жыльцамі майго дому за тое, што наш маленькі двор апынуўся раптоўна пад пільным кантролем», — напісала яна ў Facebook.
У Алены Макоўскай ёсць сабака. Яна напісала, што ён цяпер «у добрых людзей». «Думаю ёй лепей зараз, чым мне», — дадала яна.
Раней з’явілася інфармацыя, што краіну пакінула і грамадская дзяячка, каардынатар «Будзьма беларусамі!» і старшыня Рады у Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» Ніна Шыдлоўская.
Нагадаем, на мінулым тыдні адбыліся ператрусы ў шматлікіх грамадскіх арганізацый, у тым ліку і ў «Бацькаўшчыне». Шэраг праваабаронцаў, актывістаў, журналістаў былі затрыманыя.
Варта згадаць, што на З’ездзе беларусаў свету, які ладзіла «Бацькаўшчына», выступаў і кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей.