Старшыня Віцебскага аблсуду адмяніў рашэнне аб пакаранні актывіста за Дзень Волі

Справа аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да актывіста будзе накіраваная на новы разгляд.

Мікола Качурэц Фота: Зміцер Міраш, vitebskspring.org

Мікола Качурэц Фота: Зміцер Міраш, vitebskspring.org

Разгледзеўшы ў парадку нагляду скаргу віцебскага актывіста Міколы Качурца на рашэнне суддзі Уладзіміра Царыкава (суд Кастрычніцкага раёна Віцебска) ад 26 сакавіка 2018 года, старшыня абласнога суда Мікалай Хамічонак пастанавіў гэтае рашэнне скасаваць. Справа аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да актывіста будзе накіраваная на новы разгляд.
Кіраўнік судовай улады вобласці адмяніў пастанову не толькі раённага суда, але і абласнога – туды актывіст накіроўваў скаргу на рашэнне суда першай інстанцыі, якую суддзя Ірына Смалякова не задаволіла.
25 сакавіка 2018 года, каб адзначыць чарговую гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, Мікола Качурэц выйшаў з бел-чырвона-белым сцягам да помніка князю Альгерду ў Віцебску. Яго затрымалі і змясцілі ў ІЧУ да суда, які адбыўся ў наступны дзень. Згодна з адмененым цяпер судовым рашэннем, актывіст быў прызнаны правапарушальнікам у адпаведнасці з артыкулам 23.34 (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства) і артыкулам 23.4 (непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы) КаАП ды пакараны штрафам у 30 базавых велічынь (735 рублёў). Апроч таго, было пастаноўлена канфіскаваць бел-чырвона-белы сцяг.
Тлумачачы сваё рашэнне, Мікалай Хамічонак адзначыў, што «судовымі інстанцыямі не прыведзена ў судовых пастановах доказаў і не дадзена належнай ацэнкі, у чым палягала арганізацыя Качурцом незаконнага масавага мерапрыемства», таму «выснова суда аб даказанасці вінаватасці Качурца паводле ч. 2 арт. 23.34 каАП з'яўляецца заўчаснай», а значыць, «пастанова падлягае адмене цалкам».
Згодна з суправаджальным лістом, копія пастановы старшыні Віцебскага абласнога суда была накіраваная не толькі актывісту, але ў Кастрычніцкі РАУС. Відаць, міліцыянты нешта не так напісалі ў складзеных супраць Качурца паперах, бо ў сваёй пастанове спадар Хамічонак асобна адзначыў: «Суду неабходна праверыць захаванне органам, якое вядзе адміністрацыйны працэс, патрабаванняў да зместу пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях у частцы кваліфікацыі учынку, які пацвярджаецца сабранымі па справе доказамі».
Хаця адміністрацыйнае спагнанне ў дачыненні да актывіста адмененае, гэта не дае нагоды актывісту святкаваць перамогу. Мікола Качурэц прасіў старшыню аблсуда не толькі адмяніць рашэнне суда, але і спыніць справу супраць яго. Паколькі ж справа не спыненая, а толькі накіраваная на паўторны разгляд, зусім магчыма, што ён будзе нанова прызнаны правапарушальнікам і пакараны штрафам. Таксама невядома, які лёс напаткае раней адабраны ў актывіста бел-чырвона-белы сцяг: ці яго вернуць актывісту, або зноў пастановяць канфіскаваць.
Дарэчы, просьба аб спыненні справы – не адзіная, якую не задаволіў старшыня абласнога суда. Сваю скаргу Мікола напісаў на беларускай мове і прасіў Хамічонка вырабіць сваю пастанову таксама па-беларуску. Той гэтую просьбу праігнараваў.
Кастусь Дзвінскі, Віцебская вясна